«Гэта рэкорд пературбацый у адміністрацыі Лукашэнкі»
19- 23.05.2025, 10:30
- 18,580

Перастаноўкі наўрад ці дапамогуць дыктатару.
22 траўня Аляксандр Лукашэнка перавёў Наталлю Пяткевіч з пасады першай намесніцы кіраўніка сваёй адміністрацыі на пасаду віцэ-прэм'ера. Яна змяніла Уладзіміра Караніка, які пайшоў кіраваць Акадэміяй навук, а на яе месца з пасады простага намесніка кіраўніка адміністрацыі ўзняўся Уладзімір Перцаў. Ва ўрадзе Пяткевіч будзе курыраваць сацыяльны блок. Разам з Пяткевіч ва ўрад накіраваны экс-кіраўнік КДБ і Следчага камітэта Валерый Вакульчык, прызначаны кіраўніком Апарату ўрада.
Чаму Вакульчык атрымаў «пенсійную пасаду», Пяткевіч перайшла «бліжэй да зямлі» і што здарылася з Каранікам? Гэтыя пытанні абмеркавалі ў жывым эфіры «Белсату» з палітычным аглядальнікам радыё «Свабода» Валерыем Карбалевічам.
- Я б звярнуў увагу на тое, што Наталля Пяткевіч прапрацавала на сваёй пасадзе менш за год, - кажа Валер Карбалевіч. - Уладзімір Каранік прапрацаваў на пасадзе віцэ-прэм'ера два з паловай месяцы. І гэтая кадравая чахарда сведчыць аб тым, што ў дзяржаўным апараце няма стабільнасці. Калі чыноўніка праз кароткі час прызначаюць на іншую пасаду, то гэта, фактычна, прызнанне памылкі «галоўнага кадравіка». Што да Наталлі Пяткевіч, то яна ўжо трэці раз сыходзіць з адміністрацыі прэзідэнта. Адносна яе пераходу на пасаду віцэ-прэм'ера, я б не сказаў, што гэтае падвышэнне. Але што да сыходаў у АП, то гэта своеасаблівы рэкорд.
Што да Валерыя Вакульчыка, у 2020-м годзе ён, як і Юры Караеў (тагачасны кіраўнік МУС) фактычна былі адпраўленыя ў адстаўку і ссылку. Пяць гадоў яны былі ў няміласці і зараз мы бачым новыя прызначэнні: Караеў прызначаны старшынём Гарадзенскага аблвыканкама, а Вакульчык кіраўніком Апарату Савета міністраў. Можна сказаць, што Лукашэнка ім дараваў «грахі 2020 года».
Што да Караніка, то відавочна, што ўзнікла тэрміновая неабходнасць нешта рабіць з Акадэміяй навук. Былы кіраўнік шмат абяцаў, але мала што рабіў. Нават фармальныя паказчыкі, якія датычацца навуковай дзейнасці - памяншаюцца. Асабліва зараз, калі Беларусь апынулася пад санкцыямі і міжнародныя кантакты навукоўцаў практычна ліквідаваныя, то крызіс у Акадэміі трэба развязваць. Вось, кінулі «на прарыў» Караніка, мяркуюць, што ён можа нешта змяніць. Але тут праблема ў сацыяльнай мадэлі, якая існуе ў Беларусі - навуцы наканавана быць у сітуацыі дэградацыі. І змена кадраў тут наўрад ці дапаможа.