Адміністрацыя Трампа забараніла Гарварду вучыць замежных студэнтаў
27- 23.05.2025, 9:56
- 7,644

Амаль траціна студэнтаў элітнай ВНУ - замежнікі.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа скасавала Гарвардскаму ўніверсітэту права залічваць грамадзян іншых краін і прымушае цяперашніх замежных студэнтаў пераводзіцца ў іншыя навучальныя ўстановы або губляць свой легальны статус. Гарвард уважае гэтую пастанову незаконнай і шкоднай. Пра гэта паведамляе Reuters.
Міністр унутранай бяспекі ЗША Крысці Наэм загадала спыніць дзеянне сертыфікацыі паводле Праграмы абмену студэнтаў Гарвардскага ўніверсітэта з 2025-2026 навучальнага года.
У лісце да ўніверсітэта Наем абвінаваціла ўніверсітэт у «распальванні гвалту, антысемітызму і каардынацыі дзеянняў з Камуністычнай партыяй Кітая» і дала Гарварду «магчымасць» аднавіць сваю сертыфікацыю, перадаўшы цягам 72 гадзін інфармацыю аб замежных студэнтах. Напрыклад, відэа і аўдыёзапісы іх пратэстнай дзейнасці за апошнія пяць гадоў.
Гарвард назваў дзеянні ўрада незаконнымі і шкоднымі.
Згодна са статыстыкай універсітэта, у 2024-2025 навучальным годзе ў Гарвардзе навучалася амаль 6800 замежных студэнтаў, што складае 27% ад агульнай колькасці навучэнцаў.