Рубіё падштурхоўвае ЗША да новых санкцый супраць РФ
13- 23.05.2025, 11:49
- 8,350

Супраць выступае Трамп.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё пераконвае прэзідэнта Дональда Трампа ўвесці санкцыі супраць Расеі на фоне зрыву перамоў аб спыненні агню ва Украіне. Зрэшты, амерыканскі лідар пакуль супраціўляецца, піша New Lines Magazine са спасылкай на крыніцы.
20 траўня Рубіё выступіў перад Камітэтам Сената ў міжнародных стасунках, які ён калісьці ўзначальваў.
Як піша выданне, Рубіё мог бы дадаць, што найважнейшыя санкцыі ў дачыненні да энэргетычнага і банкаўскага сектараў Расеі, з юрыдычнага пункту гледжання, не могуць быць знятыя без згоды Кангрэса. Зрэшты, ён апусціў гэтую дэталь.
Крыніца, блізкая да дзяржсакратара, паведаміла на ўмовах ананімнасці:
«Звярніце ўвагу, як Рубіё амаль кожны дзень згадвае пра санкцыі. Ён хоча, каб Кангрэс разгледзеў законапраект (аб новых санкцыях у дачыненні да Расеі сенатара Ліндсі Грэма, бо ён мае большасць у Сенаце, абароненую ад вета, і гэта сарве ўсякую перазагрузку стасункаў з Масквой»).
Аднак Трамп неахвотна ідзе на ўвядзенне дадатковых санкцый ЗША, хаця, як паведамляла газета The Wall Street Journal, ён нарэшце прызнаў еўрапейцам, што Пуцін не мае намеру спыняць вайну, бо мяркуе, што пераможа.