10 краін Еўропы дамовіліся ўзмацніць абарону падводнай інфраструктуры
1- 23.05.2025, 15:51
- 1,792

Расея выкарыстоўвае свой «ценявы флот» у якасці зброі супраць краін ЕЗ і NATO.
Паколькі Расея выкарыстоўвае свой «ценявы флот» у якасці зброі супраць краін Еўразвяза (ЕЗ) і NATO, дзесяць еўрапейскіх краін дамовіліся ўзмацніць абарону крытычна важнай падводнай інфраструктуры ў Балтыйскім моры, паведамляе LRT.
Адпаведны мемарандум падпісалі ў Таліне міністры замежных спраў Літвы, Даніі, Эстоніі, Ісландыі, Латвіі, Польшчы, Нарвегіі, Швэцыі, Фінляндыі і Нямеччыны.
Ён прадугледжвае ўмацаванне супрацоўніцтва ў мэтах павышэння ўстойлівасці кабеляў і трубаправодаў, пракладзеных па марскім дне, гарантавання бяспекі ланцужкоў паставак, правядзення падводнага маніторынгу і пашырэння магчымасцей хуткага рамонту.
Мемарандум таксама ўключае палажэнні аб абароне інфармацыі, магчымых супольных крыніцах фінансавання і каардынацыі дзеянняў.
«Дакумент сведчыць аб моцнай палітычнай волі дзейнічаць разам, гарантуючы энэргетычную, эканамічную і лічбавую бяспеку ва ўсім рэгіёне», - гаворыцца ў паведамленні МЗС Літвы.
Міністры ў Таліне таксама абмеркавалі інцыдэнт, які адбыўся некалькі дзён таму ў выключнай эканамічнай зоне Эстоніі, калі танкер Jaguar, які трапіў пад санкцыі «ценявы», адмовіўся падпарадкавацца законным патрабаванням Эстоніі, а расейскі вайсковы самалёт, які ахоўваў яго, парушыў паветраную прастору Эстоніі.
«Расея выкарыстоўвае «ценявы флот» як зброю супраць нас. Гэта вельмі наглядна прадэманстраваў інцыдэнт з танкерам Jaguar, які трапіў пад санкцыі, калі Расея выкарыстоўвала свае ВПС для яго абароны», — заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.
Са слоў кіраўніка МЗС, неабходна працягваць жорсткія санкцыі ў дачыненні да астатніх суднаў «ценявога флоту», бо цяпер асобныя судны падпадаюць пад розныя санкцыі з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і Еўразвяза.
На прапанову Літвы 17-ы пакет санкцый ЕЗ уключыў у санкцыйны спіс яшчэ 200 караблёў расейскага «ценявога флоту».
Яшчэ адным важным крокам, на думку Будрыса, з'яўляецца павелічэнне вайсковай прысутнасці NATO ў Балтыйскім моры, пашырэнне мандата місіі Альянсу Baltic Sentry і перагляд нацыянальных правіл рэагавання - нават з прыцягненнем вайскова-марскіх сіл у мірны час.
За апошнія гады ў Балтыйскім моры зафіксаваныя некалькі парушэнняў падводнай інфраструктуры.
У адказ на інцыдэнты ў студзені NATO запусціла новую місію па назіранні ў Балтыйскім моры - Baltic Sentry, накіраваную на прадухіленне спроб нападаў на падводную інфраструктуру ў рэгіёне.