Банкі ўводзяць валютныя навацыі для беларусаў
1- 24.05.2025, 20:50
- 9,844

Адзін з іх знізіў камісіі за пераводы ў замежнай валюце.
У некаторых банкаў з'явіліся валютныя змены. Да прыкладу, адна з фінустаноў знізіла камісіі за пераводы ў замежнай валюце, піша «Зеркало».
«БНБ-Банк» з 22 траўня знізіў камісіі за пераводы ў замежнай валюце. Для некаторых пазіцый банк зменшыць кошт сваіх паслуг утрая.
Так, камісія за пераводы ў расейскіх рублях зніжаная да 0,5% ад сумы і складзе мінімум 20 даляраў. Для параўнання: раней стаўка была - 0,7% ад сумы, мінімум 50 даляраў, максімум - 350 даляраў.
У Грузію перавод у далярах каштавацьме 50 даляраў для сум да 3 тысяч даляраў. Пры перавышэнні гэтага парога кошт складзе 1,49% ад сумы, мінімум 100 даляраў. Раней усе даляравыя пераводы ў Грузію каштавалі 1,5%, мінімум 100 даляраў.
«БНБ-Банк» таксама надумаў знізіць адсоткі па некаторых дэпазітах у далярах. Так, для «Безадзыўных укладаў у USD» з тэрмінам размяшчэння 13 месяцаў яны цяпер складаюць 0,5% гадавых (гэта на 0,5% менш, чым было), а на 24 месяцы - 0,75% гадавых (зніжэнне на 0,25%).
«Белгазпрамбанк» паведаміў, што цяпер з карткі гэтага банка можна зняць 20 000 даляраў на дзень або 100 000 даляраў цягам месяца (ці эквівалент усякай іншай замежнай валюты) у яго касах і банкаматах. Атрымаць грошы без камісіі можна ў банкаматах банкаў-партнёраў. Партнёрамі «Белгазпрамбанка» па зняцці гатоўкі з дэбетавых картак Visa і Mastercard зараз выступаюць «Белаграпрамбанк» і «МТБанк». Атрымаць гатоўку па картках «Белгазпрамбанка» можна і ў аддзяленнях «Белпошты». Але прадугледжаная камісія - 1,5% ад сумы.
Таксама «Белгазпрамбанк» мае намер знізіць з 1 чэрвеня камісію за абмен зношаных і пашкоджаных банкнот у замежнай валюце. Раней гэта фінустанова з 25 красавіка гэтага года перагледзела пералік прыкмет пашкоджанняў банкнот у замежнай валюце.
Нагадаем, «Беларусбанк» з 2 чэрвеня пачне спаганяць камісію за адкрыццё рахункаў у далярах і еўрах.