Андрус Кубілюс: Гэта будзе прарыў у падтрымцы Украіны
2- 25.05.2025, 14:20
- 6,102

Фота: 15min.lt
Адзіным рэальным шляхам да міру з'яўляецца мір праз сілу.
ЕЗ зацвердзіў крэдытную ініцыятыву на суму 150 мільярдаў еўраў, накіраваную на пераўзбраенне Еўропы і ўзмацненне вайсковай падтрымкі Украіны, піша The Guardian (пераклад - сайт Charter97.org).
Паводле слоў еўракамісара ў пытаннях абароны Андруса Кубілюса, гэта праграма можа стаць «вельмі важным прарывам» у стратэгіі ЕЗ для стрымлівання Расеі і ўмацавання еўрапейскай бяспекі.
Праграма, якая атрымала назву Security Action for Europe (SAFE) (Праграма дзеянняў для гарантавання бяспекі Еўропы), з'яўляецца часткай больш шырокай ініцыятывы ЕЗ на 800 мільярдаў еўраў, распрацаванай пасля прыпынення вайсковай дапамогі Украіне з боку ЗША на пастанову прэзідэнта Дональда Трампа.
Як адзначыў Кубілюс, ён чакае, што многія дзяржавы-чальцы скарыстаюцца гэтымі пазыкамі для супольных абаронных закупаў і падтрымкі Украіны. Кожнай краіне будзе дадзена шэсць месяцаў на распрацоўку праектаў пасля канчатковага адабрэння пагаднення на наступным тыдні.
«Дзяржавы-чальцы змогуць браць крэдыты...і выкарыстоўваць іх для супольных закупаў, уключаючы патрэбнасці Украіны», – заявіў Кубілюс.
Вялікая Брытанія таксама атрымае доступ да ўдзелу ў праектах, якія фінансуюцца па лініі SAFE, дзякуючы новаму пакту ў галіне бяспекі паміж ЕЗ і Лонданам.
Кубілюс падкрэсліў стратэгічную важнасць пагаднення з Вялікай Брытаніяй, адзначыўшы, што «немагчыма ўявіць архітэктуру еўрапейскай бяспекі без Вялікай Брытаніі з аднаго боку і Украіны - з другога». Ён таксама заклікаў да рацыянальнага размеркавання абавязкаў паміж ЗША і ЕЗ на фоне росту пагрозы з боку Расеі.
Кубілюс выказаў упэўненасць, што Еўропа можа папоўніць прабел, пакінуты ЗША, і падкрэсліў, што адзіным рэальным шляхам да міру з'яўляецца «мір праз сілу», бо вера ў гатоўнасць Пуціна да перамоў - гэта «ілюзія».
Ён таксама адзначыў, што поспех Украіны ўяўляе для Крамля экзістэнцыйную пагрозу: «З пункту гледжання Пуціна, поспех Украіны - гэта найвялікшая небяспека, бо ён можа падштурхнуць расейскі народ да шляху дэмакратыі».