Трамп: Расейцы скралі ў нас гіпергукавую ракету
38- 25.05.2025, 15:52
- 11,158

Прэзідэнт ЗША мяркуе, што ў крадзяжы вінаватая адміністрацыя Абамы.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паскардзіўся, што РФ выкрала ў амерыканскіх распрацоўнікаў інфармацыю аб найноўшай гіпергукавой ракеце. Гэта нібыта адбылося ў часы 44-га прэзідэнта ЗША Барака Абамы, паведамляе Newsweek.
Аб расейскім тэхналагічным шпіянажы Трамп расказаў на цырымоніі ўручэння дыпломаў выпускнікам вайсковай акадэміі ЗША ў Вест-Пойнце.
«Восем курсантаў сёння ўзяліся за распрацоўку ўласнай гіпергукавой ракеты. Ведаеце, у нас нашу скралі. Ведаеце, хто яе ўкраў? Расейцы яе скралі. Нешта дрэннае адбылося», - сказаў прэзідэнт ЗША.
Ён паведаміў, што крадзеж адбыўся «ў часы адміністрацыі Абамы».
Трамп не ўпершыню згадвае аб крадзяжы распрацовак амерыканскай гіпергукавой ракеты расейцамі.
У студзені пасля ўступлення на пасаду на другі тэрмін прэзідэнт ЗША расказаў пра гэта ў эфіры канала Fox News.
«Расея скрала канструкцыю, яны атрымалі яе ад нас. Нейкі дрэнны чалавек даў ім гэтыя чарцяжы», - сказаў тады Трамп.