У Сэнаце ЗША гатовыя да жорсткіх санкцый супраць РФ нават без ухвалення Трампа
5- 26.05.2025, 9:12
- 6,968

Жорсткія меры падтрымліваюць і дэмакраты, і рэспубліканцы.
Новы законапраект, які ўвядзе жорсткія санкцыі супраць хаўруснікаў Расеі, атрымаў велізарную падтрымку ў Сэнаце ЗША як з боку рэспубліканцаў, так і дэмакратаў.
Як піша The Telegraph, некаторыя чальцы Сэната далі зразумець, што паспрабуюць вынесці яго на галасаванне, не чакаючы «зялёнага святла» ад прэзідэнта Дональда Трампа.
У сераду сэнатары Ліндсі Грэм і Рычард Блюмэнталь прадставілі законапраект аб увядзенні паралізавальных санкцый у дачыненні да расейскіх хаўруснікаў. Яго асноўным пунктам з'яўляецца ўвядзенне 500-адсоткавай мыты на кожную краіну, якая купляе расейскую нафту, газ, уран і іншыя прадукты, каб спыніць Кітай і іншых, «якія падтрымліваюць вайсковую машыну Пуціна».
Як адзначае The Telegraph, законапраект падтрымаў 81 сэнатар ад абедзвюх партый, хоць кожная спроба навязаць Трампу свой пункт гледжання, хутчэй за ўсё, будзе дрэнна ўспрынятая ў Белым доме.
Трамп папярэдзіў, што санкцыі супраць Расеі могуць прымусіць Пуціна адмовіцца ад мірных перамоў, аднак некаторыя сэнатары-рэспубліканцы далі зразумець, што скептычна ставяцца да перамоў Трампа з расейскім лідарам, і заявілі, што будуць дзейнічаць, не чакаючы яго ўхвалення.
"Я нічога не чакаю. Я думаю, мы павінны вынесці гэта на абмеркаванне і пакараць Пуціна. Я чакаў досыць доўга. І мне зусім ясна, што Пуцін водзіць нас за нос ужо некалькі месяцаў, і я не думаю, што Злучаныя Штаты Амерыкі павінны гэта трываць», — сказаў Тод Янг, старшы сэнатар-рэспубліканец ад Індыяны.