Нідэрланды накіравалі Украіне апошнюю партыю знішчальнікаў F-16
1- 26.05.2025, 20:22
- 6,296

Усяго Амстэрдам перадаў Кіеву 24 знішчальнікі.
Нідэрланды накіравалі апошнюю партыю прызначаных для Украіны знішчальнікаў F-16. Яны вылецелі з авіябазы «Фалькель» у Бельгію, дзе іх будуць рыхтаваць да дастаўкі.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Нідэрландаў.
Як паведамілі ва ўстанове, на авіябазе «Фалькель» прысутнічаў міністр абароны краіны Рубен Брэкельманс. Ён назваў гэта настальгічным момантам, бо F-16 выконвалі важную ролю для нідэрландскіх Паветраных сілаў дзесяцігоддзямі.
«Але цяпер, калі мы развітваемся пасля пераходу на F-35, я не мог уявіць лепшага месца прызначэння, чым Украіна. Праз штодзённыя расейскіх авіяўдары F-16 маюць жыццёва важнае значэнне для Украіны. Гэта дазваляе ім стрымліваць расейскую агрэсію і для нас», – адзначыў міністр.
Ён адзначыў, што ў мірны час навучанне на гэтых знішчальніках доўжыцца гадамі, але ўкраінскія пілоты і тэхнікі змаглі авалодаць гэтымі самалётамі «ў рэкордныя тэрміны».
Паводле ягоных словаў, F-16 ужо дапамаглі ўкраінскім вайскоўцам збіваць крылатыя ракеты і дроны, гэта значыць ратаваць жыцці. Міністр дадаў, што гэтыя самалёты маюць лепшыя тэхнічныя магчымасці і больш высокую выжывальнасць у баі, чым савецкія, якія да гэтага часу выкарыстоўвала Украіна.
Як адзначылі ў Мінабароны краіны, у цэлым Нідэрланды перадалі Украіне 24 знішчальнікі. Таксама яны прадоўжаць перадаваць усё неабходнае для абслугоўвання F-16 – запчасткі, боепрыпасы і паліва.