Найбуйнейшаму ў РФ заводу сельгастэхнікі пагражае поўнае спыненне
12- 27.05.2025, 20:27
- 12,336

Канцэрн «Ростсельмаш» быў вымушаны скараціць выпуск прадукцыі да мінімуму з 2006 года.
Канцэрн «Ростсельмаш», найбуйнейшы ў Расеі вытворца сельгастэхнікі, з ліпеня можа поўнасцю спыніць вытворчасць. Пра гэта гаворыцца ў лісце, які прэм'еру РФ Міхаілу Мішусціну накіравала віцэ-спікерка Дзярждумы Вікторыя Абрамчанка, паведамляе The Moscow Times.
«Ростсельмаш», які ўваходзіць у лік стратэгічных прадпрыемстваў краіны і з'яўляецца горадаўтваральным заводам для Растова-на-Доне, быў вымушаны скараціць выпуск прадукцыі да мінімуму з 2006 года праз рэзкае падзенне продажаў, піша Абрамчанка.
«Цяперашняя сітуацыя выклікае сур'ёзныя асцярогі», – папярэджвае яна: праз высокія стаўкі ў крэдытах плацежаздольны попыт на сельгастэхніку абрынуўся, а на складах «Растсельмаша» назапасілася амаль 3 тысячы нераспрададзеных камбайнаў і трактароў.
З чэрвеня завод выправіў супрацоўнікаў – іх усяго 15 тысячаў чалавек – у аплатны адпачынак. «Калі сітуацыя з попытам на прадукцыю сельскагаспадарчага машынабудавання не зменіцца ў найбліжэйшыя месяцы, прадпрыемства будзе вымушанае сысці ў прастой з ліпеня гэтага года», – папярэджвае Абрамчанка.
На «Ростсельмашы» адбываюцца змены ў кадравай палітыцы, уключаючы зніжэнне заробку, вымушаныя адпачынкі і пераводы на менш аплатныя пазіцыі, а гэта выклікае «незадаволенасць» працоўных, кажа яна. У выніку ў Растоўскай вобласці ўзнікаюць пагрозы «сацыяльнай напружанасці» і дэстабілізацыі эканомікі, вынікае з ліста Абрамчанкі.
Яна заклікае Мішусціна падрыхтаваць пакет дапамогі «Ростсельмашу» – пачаць у штодзённым рэжыме маніторыць фінансавы стан прадпрыемства, а таксама распрацаваць захады падтрымкі попыту на сельгастэхніку. Аплаціць іх можна за кошт прыбыткаў ад экспартных мытаў на зерне, прапануе віцэ-спікерка Думы.
Мінулы год «быў найгоршым за апошнія дзесяць гадоў як для ўсёй галіны, так і для "Ростсельмаша"», скардзіўся ў інтэрв'ю «Коммерсанту» суўладальнік канцэрна Канстанцін Бабкін. У 2025 годзе, паводле ягоных словаў, сітуацыя пагоршылася: продажы ўпалі на 30% год да году, а запасы нераспрададзеных камбайнаў і трактароў выраслі на 72%. «У аграрыяў няма сродкаў на набыццё неабходнай ім тэхнікі, у выніку чаго рынак кардынальна асеў», – тлумачыла кампанія ў траўні. На месяц раней, у красавіку, «Ростсельмаш» правёў хвалю змушаных скарачэнняў, звольніўшы 2 тысячы супрацоўнікаў.
Паводле вынікаў мінулага года чысты прыбытак «Ростсельмаша» скарацілася ў 2,4 разы, а прыбытак ад продажаў упаў амаль у 7 разоў. Крызіс на рынку сельгастэхнікі адлюстроўвае пагаршэнне фінансавага становішча аграрыяў, па якіх ударылі высокая ключавая стаўка ЦБ, павышэнне сабекошту, а таксама скарачэнне дзяржпадтрымкі, тлумачылі раней у асацыяцыі «Росспецмаш», якая аб'ядноўвае больш за 150 вытворцаў спецтэхнікі.