Зяленскі пракаментаваў заяву Мерца аб ударах углыб Расеі
1- 28.05.2025, 10:29
- 3,544

Украінскі прэзідэнт расказаў, пра што будзе гаварыць з нямецкім канцлерам.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абмяркуе пытанне зброі з канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мэрцам падчас візіту ў Бэрлін. Але ніякіх сігналаў аб зняцці абмежаванняў на выкарыстанне зброі не было.
Пра гэта паведамляе «РБК-Україна» са спасылкай на Зяленскага на сустрэчы з журналістамі, якая адбылася 27 траўня.
Кіраўнік украінскай дзяржавы падкрэсліў, што знаходзіцца ў вельмі добрых стасунках з новым канцлерам Нямеччыны. Зяленскі чакае больш дэталёвую размову з Фрыдрыхам Мэрцам падчас візіту ў Нямеччыну.
«Я яму ўдзячны за сустрэчу, за прыезд, за гэты візіт. У нас ёсць рэчы, якія мы не змаглі прагаварыць, таму што ў нас не было такога доўгага фармату тэт-а-тэт. І мы з ім дамовіліся, што прыйдзе момант, я прыеду з візітам у Бэрлін, і мы прагаворым. Сярод усіх пытанняў ёсць і тыя пытанні, пра якія вы кажаце, але я ніякіх зменаў наконт сігналаў не чуў. Змагу, напэўна, пра нешта адказаць пасля сустрэчы», - сказаў Зяленскі.
Нагадаем, днямі канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц заявіў, што цяпер для Украіны няма ніякіх абмежаванняў у дальнабойнасці перададзенай Захадам зброі.
"Няма ніякіх абмежаванняў ва ўзбраенні, якое пастаўляецца Украіне - ні з боку брытанцаў, ні з боку французаў, ні з нашага боку, і таксама не з боку амерыканцаў», — сказаў ён.