«Мінсктранс» арганізаваў бясплатную перасадку ў аўтобусы на мяжы з Польшчай
5- 28.05.2025, 17:49
- 9,370

Як гэта працуе.
У Telegram-канале "Мінсктранс. Міжнародныя маршруты" з'явілася паведамленне, згодна з якім людзям далі магчымасць бясплатна перасаджвацца ў найбліжэйшыя аўтобусы на беларуска-польскай мяжы. Раней людзі, каб не чакаць дні ў чарзе і перасесці бліжэй да шлагбаума, плацілі кіроўцам дадаткова 30-50 еўраў.
«Белсат» даведаўся, як будзе працаваць новая сістэма і пры якой затрымцы можна будзе перасесці ў найбліжэйшы да шлагбаума аўтобус бясплатна.
“У сувязі з працяглым праходжаннем дзяржаўных межаў Беларусі і Польшчы ў кірунку Варшавы прадпрыемства “Мінсктранс” арганізоўвае бясплатную перасадку ў аўтобусы прадпрыемства, якія стаяць наперадзе, пры наяўнасці свабодных месцаў для пасажыраў, якія накіроўваліся да памежнага пункта “Брэст” (“Тэрэспаль”) на аўтобусе “Мінсктранса”, – гаворыцца ў паведамленні “Мінсктранса”.
Пад выглядам пасажыра “Белсат” патэлефанаваў на гарачую лінію “Менсктранс”, каб удакладніць, як гэтая сістэма будзе працаваць.
“У нас былі такія выпадкі, што аўтобус толькі пад'ехаў на мяжу і людзі ўжо хочуць перасесці, але тады кіроўцы не перасаджваюць. Калі масавая затрымка на мяжы і стаяць усе аўтобусы, то пры наяўнасці свабодных месцаў мы можам перасадзіць. Але калі аўтобус толькі пад'ехаў і невялікая затрымка, то перасадкі не будзе. Усе кіроўцы папярэджаныя. Людзі будуць перасаджвацца па жывой чарзе - хто падышоў першы, той і сядзе”, – растлумачылі на гарачай лініі.
Якая затрымка будзе лічыцца масавай, каб пасажыры маглі перасаджвацца, там пакуль не вызначыліся.
Калі глядзець на чаты мяжы ў Telegram, то здаецца, што людзі пакуль пра такую магчымасць не даведаліся: амаль усе паведамленні тычацца “вазьму спадарожнікаў”, “ці можна везці нешта” і “прапаную лёгкі заробак”.