Стала вядома, колькі гамельчукоў запісалі ў «дармаеды»
7- 28.05.2025, 15:24
- 9,502

Лічбы ўражваюць.
Жыхароў Беларусі, «не занятых у эканоміцы», масава выклікаюць у міліцыю на прафілактычныя гутаркі. У Гомелі афіцыйныя рэсурсы са спасылкай на міліцыю назвалі колькасць гараджан з двух раёнаў абласнога цэнтра, якіх улады залічылі ў «дармаеды», заўважыў «Флагшток».
У Савецкім раёне Гомеля, самым шматлікім, на 1 траўня 2025 года налічылі блізу 10 тысяч «дармаедаў». Паводле апошніх апублікаваных звестак, у гэтым раёне пражываюць 156,7 тысячы чалавек. Агулам доля працаздольнага насельніцтва ў працаздольным узросце (у тым ліку жанчыны ў дэкрэтным адпачынку і людзі з інваліднасцю) складае 61,6% усяго насельніцтва. З гэтага вынікае, што працаздольнае насельніцтва раёна складае 96,5 тысячы чалавек.
10 тысяч - гэта 10,3% ад агульнай колькасці працаздольнага насельніцтва раёна.
Раней таксама называлася афіцыйная колькасць «дармаедаў» у Цэнтральным раёне Гомеля - больш за 6 тысяч чалавек. На падлікі «Флагштока», сярод працаздольнага насельніцтва Цэнтральнага раёна «дармаеды» складаюць блізу 8,6% (насельніцтва раёна - 113,6 тысячы чалавек, з іх прыкладна 70 тысяч - працаздольнага).
Звестак пра колькасць «дармаедаў» у Чыгуначным і Навабеліцкім раёне няма. Але калі ўзяць сярэднюю долю «не занятых у эканоміцы» ў Гомелі за 9%, атрымаецца, што «дармаедамі» ўлады ўважаюць прыкладна 27,8 тысячы гамельчукоў.