Украіна ўклала ў Нямеччыне кантракт аб сістэмах СПА
- 28.05.2025, 18:29
- 3,974

Кошт кантракту - €2,2 млрд.
Украіна падпісала кантракт на вытворчасць для яе сістэм СПА IRIS-T нямецкай абароннай кампаніяй, паведаміў кіраўнік украінскага Мінабароны Рустэм Умераў у тэлеграм-канале.
"Падпісаны кантракт з кампаніяй Diehl Defence на вытворчасць сістэм IRIS-T і ракет да іх. Агульны кошт кантракту - €2,2 млрд", - распавёў ён.
Нямецкі бок пацвердзіў кантракт з Diehl Defence без удакладнення сумы і таго, што будзе выраблена.
Стораны заключылі "ліст аб намерах, згодна з якім Нямеччына прафінансуе закупку ўкраінскіх дальнабойных сістэм на сотні мільёнаў еўра". Канцлер ФРГ Фрыдрых Мэрц раней абвясціў аб гэтай ініцыятыве пасля сустрэчы з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім у Бэрліне.
Нямецкае Мінабароны ўдакладняла, што ў рамках гэтай супольнай вытворчасці “значная колькасць” дальнабойных сістэм “павінна быць выпушчаная ў 2025 годзе”. “Сістэмы ўзбраення хутка паступяць у распараджэнне ўкраінскіх узброеных сіл -першыя з іх могуць быць разгорнутыя ўсяго праз некалькі тыдняў”, — анансавала ведамства.