Найбуйнейшая прыватная авіякампанія РФ пачала касаваць рэйсы праз адсутнасць запчастак да самалётаў
10- 28.05.2025, 18:55
- 16,698

Падрабязнасці.
Авіякампанія S7 Airlines (“Сібір”) скасавала рэйсы з Новакузнецка ў Маскву і на шэрагу іншых маршрутаў праз праблемы з пастаўкамі запасных дэталяў для сваіх самалётаў, паведаміў губернатар Кемераўскай вобласці Ілля Серадзюк падчас жывой лініі. Ён нагадаў, што многія лайнеры перавозчыка былі закупленыя за мяжой, таму пасля ўводу авіясанкцый за ўварванне Расеі ва Украіну абслугоўваць іх стала складана. Са слоў Серадзюка, S7 вымушана берагчы рэсурс і чакаць пастаўку запчастак праз іншыя схемы. Пакуль жа пасажыры могуць дабрацца да Масквы на самалётах «Аэрафлота». Таксама з пачатку чэрвеня авіязлучэнне паміж Новакузнецкам і расейскай сталіцай будзе забяспечваць лаўкостар Smartavia. У самой S7 раней патлумачылі пастанову аб прыпыненні палётнай праграмы ў гэтым кірунку сезонным пераразмеркаваннем парку паветраных суднаў і аптымізацыяй раскладу, паведамляе The Moscow Times.
Са звестак Flightradar24, парк авіякампаніі налічвае 104 самалёты, 68 з якіх - Airbus. Пры гэтым у канцы лістапада 2024 года крыніцы “Коммерсанта” сцвярджалі, што перавозчык больш не выкарыстоўвае 31 з 39 лайнераў A320/А321nео узростам ад трох да сямі гадоў. Гэтыя самалёты абсталяваныя амерыканскімі рухавікамі Pratt & Whitney (P & W) і складаюць больш за траціну парку S7. Сярод прастою з 2023 года — усе восем А321 nео і пяць A320neo. Яшчэ 18 лайнераў апошняга тыпу былі выведзеныя ў рэзерв са студзеня па верасень 2024-га і цяпер знаходзяцца ў базавых для перавозчыка аэрапортах Дамадзедава і Талмачова (Новасібірск).
Летась вытворца P&W адклікаў рухавікі са 140 самалётаў праз няспраўнасць, абяцаючы дапрацаваць іх і вярнуць пакупнікам, аднак на расейскія авіякампаніі праз санкцыі гэтая пастанова не распаўсюджваецца. Увозіць абноўленыя рухавікі абыходнымі шляхамі немагчыма, паколькі PW1100G абсталяваны чыпам, які адсочвае перасоўванне, пісала НГС. Летась S7 Technics заявіла, што асвоіла капрамонт рухавікоў, устаноўленых на Boeing 737 і Airbus A320. Але працы з PW1100G сёння праводзіць толькі вытворца.
Пасля пачатку вайны ва Украіне S7 некалькі разоў зрэзала сваю палётную праграму. У снежні 2022-га авіякампанія касавала рэйсы з Масквы ў Екацярынбург, Ніжнявартаўск і Надым. А ў студзені 2024-га скарачэння закранулі восем гарадоў, у тым ліку былі цалкам скасаваныя рэйсы з Масквы ў гарады-мільённікі Чэлябінск і Ніжні Ноўгарад. З некаторых звестак, гэтыя меры сталі вынікам праблем з абслугоўваннем авіяпарку.
Заходнім кампаніям забаронена пастаўляць расейскім перавозчыкам самалёты і запчасткі да іх, у таксама праводзіць тэхнічнае абслугоўванне ўжо наяўных паветраных суднаў. У красавіку кіраўнік Мінпрамгандлю РФ Антон Аліханаў расказаў, што ў ЗША завіслі набытыя раней авіязапчасткі на $500 млн і што Масква запатрабуе іх разблакоўкі ў рамках перамоў аб заканчэнні вайны ва Украіне. Міністр адзначаў, што ўрад таксама мае намер дамагчыся ад Airbus і Boeing прызнання рамонтных работ, якія расейскія кампаніі правялі на лайнерах Airbus і Boeing ва ўмовах санкцый. Такое абслугоўванне ажыццяўлялася "без адпаведнай верыфікацыі ліцэнзіі ад замежных вытворцаў", тлумачыў ён.