7 чэрвеня 2025, Субота, 0:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэта ўжо не званочак, а набат»

19
«Гэта ўжо не званочак, а набат»

Эканаміст абвінаваціў улады ў праяданні валюты.

Нацбанк падлічыў, што ў студзені-сакавіку Беларусь праела на вонкавым гандлі $625 млн - менавіта такім атрымаўся дэфіцыт. Эканаміст Дзмітрый Крук патлумачыў «Белсату», чаму краіна не зарабляе валюту і як да гэтага маюць дачыненне ўлады.

Продаж тавараў і паслуг за мяжу - надзвычай важная крыніца валюты, аднак ужо сёмы месяц запар статыстыка сведчыць, што гэты ручай цячэ не ў той бок, і грошы выцякаюць з Беларусі.

У студзені-сакавіку, на падлікі Нацбанку, агульны экспарт знізіўся год да года на 1,1%, а імпарт вырас на 4,6%. Пастаўкі тавараў за мяжу ўпалі на 4,6 адсотка, а імпартных завезлі ў Беларусь на 3 адсоткі больш. У паслугах адбыўся істотны рост - як у імпарце, так і ў экспарце (на 16,1% і 14,8% адпаведна).

Як вынік - адмоўнае сальда вонкавага гандлю $625 млн, хоць летась за гэты ж час краіна нагандлявала ў плюс.

Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук у каментары «Белсату» адзначыў, што збольшага такі несуцяшальны вынік атрымаўся праз нашага галоўнага хаўрусніка - Расею. І гэта наступства катастрафічнай залежнасці: калі тамака з эканомікай усё ў парадку, то і Беларусь у шакаладзе; але калі там праблемы, дык і наша краіна прычэпам трапляе ў балота.

«Падзенне экспарту, хутчэй за ўсё, адбываецца за кошт інвестыцыйных тавараў. Прасцейшымі словамі, гэта машыны, абсталяванне. Напрыклад, тыя самыя знакамітыя МАЗы, камбайны, такога кшталту тэхніка. Таксама з даступных звестак можна казаць, што аселі аб'ёмы экспарту нафтапрадуктаў, і гэта, напэўна, дастаткова адчувальна», - кажа эксперт, наракаючы, што для дэталёвага аналізу не стае статыстыкі, якую ўлады старанна хаваюць.

Зорная гадзіна для беларускіх тавараў у Расеі надышла, калі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ўсходнюю суседку пакінулі многія брэнды. Аднак даволі хутка заварушыліся вытворцы з іншых краін, найперш Кітая, і нашаму экспарту стала цяжэй прарвацца да расейскага спажыўца.

«Адносная пустата, якая ўзнікла на расейскім рынку пасля 2022-га, усё больш і больш запаўняецца, і такой вольніцы, якая адчувалася ў 2022-2023 гадах для беларусаў, калі яны маглі апанаваць рынак сваёй прапановай, ужо няма», - канстатуе Крук.

Да таго ж Цэнтрабанк РФ у барацьбе са значным ростам коштаў павысіў да гістарычнага максімуму ключавую стаўку, што зрабіла грошы дарагімі. І кампаніі, і фізічныя асобы сталі браць менш крэдытаў, сталі менш спажываць, і, адпаведна, беларускіх тавараў у ранейшых аб'ёмах там больш не патрабуюць.

Зрэшты, як мяркуе суразмоўца «Белсата», нядрэнна адчуваюць сябе за мяжой беларускія прадукты і прадукцыя для расейскай «абаронкі». «Але гэта ўжо спекуляцыі, бо пастаўкі, звязаныя з вайной, зусім засакрэчаныя», – кажа Крук.

І калі экспарт тавараў зараз, мякка кажучы, не ў найлепшай форме, то імпарт квітнее. Вось тут адказнасць цалкам на цяперашніх уладах, заявіў эканаміст цэнтра BEROC:

«Пераграванне эканомікі спараджае дадатковы попыт на імпарт. Гэта значыць, калі спажыванне і інвестыцыі штучна надзьмутыя, то адпаведна нейкая частка спажывання, інвестыцый аўтаматычна мяркуе, што ў кошыку сядзяць імпартныя тавары. А тое, што апошнія два гады адбываецца ў нас, гэта такое свядомае надзіманне ўнутранага попыту. І адпаведна, гэта цягне за сабой імпарт».

У красавіку Нацбанк запатрабаваў ад камерцыйных банкаў заліць прадпрыемствы так званымі інвестыцыйнымі крэдытамі - гэта грошы, умоўна кажучы, не на заробкі работнікам, а на развіццё бізнэсу: на куплю абсталявання, тэхналогій, будаўніцтва новай вытворчай лініі або на запуск новага бізнэсу.

«Кампаніям даводзяць: давайце, інвестыцыйныя праекты рэалізуйце. Але каб гэтыя праекты былі эфектыўныя, абсталяванне, якое трэба закупляць, хаця б часткова павінна быць імпартным. Беларусь не робіць усяго, каб інвестыцыі былі цалкам айчынныя. Часта гэта яшчэ і пытанне якасці: калі імпартнае, то, імаверна, будзе больш якасным», - тлумачыць Дзмітрый Крук.

Што да паслуг, то экспарт, здаецца, выцягвае IT-сфера. «Скончыўся яе сціск, які доўжылася некалькі гадоў, і, напэўна, такое паступовае аднаўленне пачалося», – разважае аналітык.

Зарабляе і транспарт: «Гэта ўжо больш звязана з чыгуначным і аўтамабільным транзітам. Не сакрэт, што летась кітайскія, напрыклад, транзітныя чыгуначныя перавозкі павялічыліся. Вось такога кшталту транзітныя паслугі дазвалялі падвышаць экспарт».

Зрэшты, транспартная галіна таксама і вымывае валюту, кажа эканаміст і тлумачыць на прыкладзе калійных угнаенняў: «Іх неабходна зараз перавозіць па расейскай чыгунцы і, адпаведна, экспарт калійных угнаенняў цягне за сабой дадатковы імпарт транспартных паслуг з Расеі». Яшчэ імпарт паслуг, на які выдаткоўваецца валюта, звязаны з вандроўкамі беларусаў, не выключае суразмоўца «Белсату»: «У 2024-м беларусы проста падарожнічаць больш пачалі. Там не толькі і не столькі заходнія краіны, на жаль, там Расея і іншыя, але павышэнне даходаў дае магчымасць больш людзям з'ездзіць у адпачынак у нейкія далёкія краіны. У статыстыцы гэта будзе праходзіць як імпарт паслуг».

Дзмітрый Крук падкрэслівае, што «штучнае напампоўванне беларускай эканомікі стымуламі і надзіманне ўнутранага попыту прыводзіць да цэнавага ціску і ціску на сальда замежнага гандлю».

«Гэта для ўладаў не тое што званочак, а я б сказаў, набат аб тым, што нешта ў іх палітыцы не так. І я думаю, што, магчыма, не мэтанакіравана, але пакрысе яны ўсё ж гэтую празмерна стымулюючую палітыку будуць аслабляць – ці свядома, ці вымушана – на фоне росту дэфіцыту замежнага гандлю».

Са слоў эканаміста, раней Беларусь магла сабе дазволіць вялікі мінус у замежным гандлі: ратавалі пазыкі.

«Сёння амаль няма крыніц фінансавання гэтага дэфіцыту. Таму нават цяперашнія ўзроўні дэфіцыту дастаткова адчувальныя. Не скажу, што ўжо крытычна, але гэта паказчыкі, якія ствараюць небяспеку для макраэканамічнай сітуацыі ў краіне», - падсумаваў эксперт цэнтра BEROC.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках