NYP: Новы штам COVID-19 выклікаў усплёск шпіталізацыі ў Кітаі і ЗША
7- 29.05.2025, 10:21
- 7,852

Новы варыянт мае «перавагу ў росце».
Новы высоказаразны варыянт COVID-19 NB.1.8.1, які выклікаў значны ўсплёск шпіталізацыі ў Кітаі, зараз выявілі і ў ЗША, у тым ліку ў Нью-Ёрку. Пра гэта паведаміла NY Post са спасылкай на Цэнтр кантролю і прафілактыкі захворванняў ЗША 27 траўня.
NB.1.8.1 упершыню выявілі ў ЗША ў канцы сакавіка - пачатку красавіка сярод пасажыраў міжнародных рэйсаў, якія прыбываюць у аэрапорты ў Каліфорніі, штатах Вашынгтон, Вірджынія і Нью-Ёрк, гаворыцца ў артыкуле. Адзначаюць, што іншыя выпадкі таксама былі зафіксаваныя ў Агаё, Род-Айлендзе і на Гаваях.
CDC адзначае, што зараз у ЗША зафіксавана мала выпадкаў гэтага штаму, каб унесці яго ў афіцыйную статыстыку варыянтаў віруса. Аднак эксперты перасцерагаюць, што распаўсюджванне гэтага штаму ў Кітаі сведчыць аб яго больш высокай заразнасці ў параўнанні з іншымі дамінантнымі рэспіраторнымі варыянтамі.
Спецыялісты ўважліва адсочвалі NB.1.8.1 пасля таго, як ён стаў дамінантным у Кітаі сёлета, выклікаўшы новы выбліск захворвання па ўсёй Азіі, пішуць журналісты. Яны дадалі, што ўлады Ганконга паведамляюць аб значным росце выпадкаў COVID-19 - да самага высокага ўзроўню, прынамсі, за апошні год. Толькі за апошні месяц зафіксавалі значны рост наведванняў аддзяленняў неадкладнай дапамогі і шпіталізацыі, звязаных з гэтым варыянтам, падкрэсліла СМІ. За апошнія чатыры тыдні зарэгістравалі 81 цяжкі выпадак, у тым ліку 30 смерцяў. Паведамляецца, што пераважная большасць - людзі ва ўзросце 65+.
На мацерыковым Кітаі доля пацыентаў з COVID-19, якія звяртаюцца ў аддзяленні неадкладнай дапамогі, вырасла больш як удвая - з 7,5% да больш як 16%, паводле звестак органаў аховы здароўя. Доля шпіталізаваных таксама вырасла ўдвая і перавышае 6%, паведамляе дзяржаўнае выданне China Daily.
Нягледзячы на гэтыя звесткі, урад Ганконга спрабуе прыменшыць небяспеку штаму, заяўляючы, што ён не выглядае больш небяспечным, чым папярэднія варыянты, мяркуюць аўтары артыкула. Зрэшты, доктар Эмі Эдвардс, прафесар педыятрыі медыцынскай школы Універсітэта Кейс Вестэрн Рэзерв, у інтэрв'ю CBS News падкрэсліла, што ў рэгіёнах з хуткім распаўсюджваннем гэтага штаму - Кітаі, Ганконгу і некаторых іншых - узрасла колькасць шпіталізацыі.
Тэставанне ў аэрапортах, праведзенае CDC выявіла маштабы распаўсюджвання: інфікаваныя гэтым варыянтам падарожнічалі праз Кітай, Японію, Паўднёвую Карэю, Францыю, Тайланд, Нідэрланды, Гішпанію, В'етнам і Тайвань.
Як і папярэднія варыянты COVID-19, NB.1.8.1 можа выклікаць кашаль, боль у горле, ліхаманку і стомленасць, адзначае медыя. Аднак прафесар мікрабіялогіі і імуналогіі Універсітэта Невады Субхаш Верма адзначыла, што новы варыянт мае «перавагу ў росце», што сведчыць аб больш лёгкім распаўсюджванні.
І Верма, і Эдвардс падкрэсліваюць, што зараз новы штам не падобны на цяжэйшы. Але доктар Эдвін Цуй, кіраўнік Цэнтра аховы здароўя Ганконга, папярэджвае, што не варта ставіцца да яго легкадумна, бо вірус, як мяркуецца, эвалюцыянаваў так, каб яшчэ больш эфектыўна абараняцца ад аховы з дапамогай вакцын супраць COVID-19.