«Што гэта за грошы на сям'ю - 2500 рублёў?»
5- 29.05.2025, 12:22
- 4,828

Сярэдні заробак у Беларусі даўно час перайменаваць.
Чытачка сайта Charter97.org распавяла, як выглядае сітуацыя з заробкамі ў Беларусі:
- Выходзіш на градкі пакапацца ў зямлі, а заадно абменьваешся навінамі. Вось такую гутарку я вяла і сёння.
Разгаварылася з суседкай, і яна мне кажа: «Вось Вольцы нашай добра жывецца! Яна прыбіральшчыцай на фабрыцы зарабляе 1000 рублёў, а муж - кіроўца на паўтары стаўкі - 1500. Дык яны і рамонт робяць, і ходзяць, нос задраўшы!»
Я спачатку здзівілася, падумала: што гэта за грошы на сям'ю - 2500 рублёў?
А суседка працягвае: «Вось я ў лякарні медсястрой атрымліваю 850 рублёў, а мой муж — шафёр на прадпрыемстве — крыху больш за 800. Мне здаецца, калі б у нас было як у Волькі, мы б таксама жылі і радаваліся!»
А я сабе слухаю і думаю: «Божа мой, як жа беларусам мала трэба! Ім здаецца, калі 2500 на сям'ю — то можна і кандыбоберам хадзіць».
Вядома, мае суседзі, выгадаваўшы дзяцей, ужо, магчыма, пачуваюцца вальней, ды яшчэ на агародзе нешта вырасце, у куратніках куры кудахчуць (свіней ужо ніхто не трымае).
Але я думаю, што калі сярэдні беларускі заробак лічыцца як сума заробкаў мужа і жонкі, то яго і трэба перайменаваць у «сярэдні сямейны прыбытак». Так, на перыферыі на гэтыя грошы пражыць можна, бо маім суседзям не патрэбныя ні тэатры, ні канцэрты, ні нават адпачынак на моры. Такое жыццё яны бачаць толькі на тэлевізіі. А адпачываюць выключна на агародзе: тут табе і трэнажорка, і кіно, і нават бар пад грушай.