7 чэрвеня 2025, Субота, 19:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошты газу ў Расеі пачнуць падвышаць на 20% кожны год

2
Кошты газу ў Расеі пачнуць падвышаць на 20% кожны год

Такім чынам у РФ хочуць выратаваць «Газпрам».

Расейскія ўлады абмяркоўваюць магчымасць значнага падвышэння коштаў газу для прамысловасці, каб залатаць бюджэт «Газпрама», які цярпіць страты праз згубу еўрапейскага рынку.

Паводле плану чыноўнікаў газавыя тарыфы для прамысловых спажыўцоў будуць індэксаваць на 10% двойчы на год, паведамілі «Інтэрфаксу» знаёмыя з пытаннем крыніцы.

Інфармацыю на пасяджэнні камісіі РСПП па энэргетыцы ў сераду пацвердзіў дырэктар Савета вытворцаў энэргіі Дзмітрый Валагжанін. «Даслоўна ўчора з Мінэнэрга прыляцела інфармацыя: абмяркоўваецца падвышэнне кошту газу <…> на 10%, у першым і чацвёртым кварталах кожнага года», - распавёў ён.

Гэта больш за ўдвая перавышае існы план урада. Ён прадугледжвае індэксацыю газавых тарыфаў для прамысловасці на 10,3% сёлета, а затым на 10,6%, 9% і 7% адпаведна ў 2026-28 гадах.

На столькі ж павінен падаражэць газ для насельніцтва - сумарна на 42,2% за 2025-28 гады. З улікам індэксацый у папярэднія тры гады назапашаны рост газавых тарыфаў з пачатку вайны дасягне 76%.

Але гэтага мала «Газпраму», які пасля ўварвання ва Украіну страціў дзве траціны экспарту газу: яго пастаўкі на еўрапейскі рынак зменшыліся да 28-32 млрд кубаметраў на год, узроўню канца 1970-х, а агульнае перапампоўванне ў далёкае замежжа адкацілася да амаль 40-гадовых мінімумаў: 62 млрд кубаметраў у 2023 годзе і 81 млрд у 2024-м.

У 2023 годзе кампанія зафіксавала рэкордную ў гісторыі чыстую страту па МСФС (629 млрд рублёў), а летась страціла яшчэ 1 трлн рублёў на газавым бізнэсе. На ўласныя ацэнкі «Газпрама», праз страту еўрапейскага рынку, куды да вайны пампавалася амаль 200 млрд кубаметраў штогод, у найбліжэйшыя 10 гадоў кампанія атрымае 15 трыльёнаў рублёў адмоўнага грашовага патоку - настолькі выдаткі будуць большыя за паступленні на рахункі.

«Газпрама», які кантралюе найбуйнейшыя ў свеце выведаныя запасы газу, застаўся без магчымасці яго прадаваць: ЕЗ рыхтуе план поўнай адмовы ад расейскага газу, а дамовіцца з Кітаем аб будаўніцтве трубаправода «Сіла Сібіры-2» не ўдалося. Як вынік: перспектыў павялічыць экспарт у найбліжэйшыя гады ў кампаніі няма, папярэджваюць аналітыкі БКС.

З 2025 года спыніўся транзіт праз Украіну, а гэта пазбавіць «Газпрам» яшчэ 15 млрд кубаметраў штогадовых продажаў. Агульны экспарт кампаніі ў далёкае замежжа сёлета знізіцца на 3 млрд кубаметраў - да 78 млрд і застанецца на гэтым узроўні ў 2026-26 гадах, прагназуе БКС.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках