У Белым доме адрэагавалі на пастанову суда па блакаванні імпартных тарыфаў Трампа
6- 29.05.2025, 14:52
- 4,228

Прэзідэнт ЗША не адмовіцца ад палітыкі тарыфаў.
У Белым доме пракаментавалі пастанову Федэральнага суда ў міжнародным гандлі ЗША па блакаванні тарыфаў на імпарт. Пра гэта паведамляе CNN.
Прадстаўнік Белага дома Куш Дэсаі заявіў, што неўзаемнае стаўленне іншых краін да ЗША «падсілкоўвала гістарычны і сталы гандлёвы дэфіцыт Амерыкі».
Ён сцвярджае, што гэты дэфіцыт стварыў «надзвычайную сітуацыю, якая разбурыла амерыканскія грамады, пакінула нашых працоўных без працы і аслабіла нашу абаронную прамысловую базу».
З ягоных слоў, суд не адмаўляў пералічаныя факты.
Дэсаі сказаў, што «нявыбраныя суддзі» не павінны вызначаць, як належным чынам рэагаваць на «надзвычайную сітуацыю ў краіне».
«Прэзідэнт (ЗША Дональд – рэд.) Трамп паабяцаў паставіць Амерыку на першае месца, і адміністрацыя абавязаная выкарыстоўваць усе рычагі выканаўчай улады для пераадолення гэтага крызісу і аднаўлення амерыканскай велічы», – дадаў прадстаўнік Белага дома.
Раней Федэральны суд у міжнародным гандлі ЗША аднагалосна прызнаў незаконнымі маштабныя тарыфы на імпарт, уведзеныя прэзідэнтам Дональдам Трампам.