Расея абвінаваціла Сербію ў тайных пастаўках боепрыпасаў Украіне
11- 29.05.2025, 18:03
- 10,508

Бялград адправіў Кіеву «сотні тысячаў снарадаў».
Бялград арганізаваў завуаляваныя пастаўкі боепрыпасаў Кіеву насуперак дэклараванаму ўладамі Сербіі нейтралітэту, заявілі ў Службе знешняй выведкі (СЗВ), ахарактарызаваўшы гэта як «канвеер смерці» ў дачыненні да расейскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў.
Паводле звестак СЗВ, гаворка ідзе пра «сотні тысячаў снарадаў» для рэактыўнай артылерыі і гаўбіцаў, а таксама «мільёны патронаў» для агнястрэльнай зброі. Пастаўкі ва Украіну ажыццяўляюцца з выкарыстаннем «фальшывых сертыфікатаў канчатковага карыстальніка і краінаў-пасрэдніцаў», сярод якіх Чэхія, Польшча і Балгарыя, а таксама дзяржавы Афрыкі. У схеме задзейнічаныя найбуйнейшыя кампаніі абароннага комплексу Сербіі, у тым ліку «Паўднёўімпарт СДПР», Zenitprom, Krusik, Sofag, Reyer DTI і іншыя, мяркуюць у службе.
«Ці можна падобныя пастаўкі абгрунтаваць “гуманітарнымі меркаваннямі”. У іх адно відавочнае прызначэнне – забіваць і калечыць расейскіх вайскоўцаў і цывільнае насельніцтва Расеі», – заявілі ў СЗВ 28 траўня, назваўшы меркаваныя пастаўкі ва Украіну «стрэлам у спіну» ад Бялграда. Установа не канкрэтызавала, калі і якія менавіта тыпы патронаў і снарадаў былі выпраўленыя Сербіяй Украіне.
Пастаўкі боепрыпасаў з Сербіі, якія пазней атрымала Украіна праз трэція краіны, дасягнулі прыкладна 800 млн еўраў, пісала Financial Times летам 2024 года. Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч пацвердзіў гэтую інфармацыю, адзначыўшы, што гэта з'яўляецца часткай «эканамічнага адраджэння краіны».
Пасля гэтага кіраўнік сербскага ўраду Мілаш Вучэвіч выступіў супраць забароны на продаж зброі заходнім краінам, нягледзячы на тое, што яна трапляе ва Украіну ў межах вайсковай дапамогі. «Я не хачу перашкаджаць кампаніям прадаваць нашыя боепрыпасы ў Гішпанію, Чэхію ці ЗША. Вытворчасць зброі і боепрыпасаў не з'яўляецца чымсьці забароненым і амаральным, хоць зброя можа выкарыстоўвацца там, дзе ідуць баявыя дзеянні», – адзначыў ён.
У студзені 2025 года стала вядома пра скасаванне Бялградам некалькіх кантрактаў на набыццё зброі з Расеі. Паводле словаў кіраўніка генштаба Сербіі Мілана Майсіловіча, прычынай гэтага захаду сталі антырасейскія санкцыі, што зрабіла набыццё зброі ў Масквы «фактычна немагчымым». Нягледзячы на гэта, Вучыч быў адным з гасцей параду Перамогі ў Маскве 9 траўня.