У беларускіх казіно будуць правяраць плацежаздольнасць кліентаў
3- 29.05.2025, 18:39
- 3,014

Беларусы «падселі» на азартныя гульні.
Азартныя гульні павінны быць даступныя толькі грамадзянам, здольным за гэта плаціць. Гэтае пытанне абмяркоўвалася на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам «савета міністраў», паведамляе прэс-служба беларускага дыктатара.
Колькі ёсць прыкладаў, звярнуў увагу ўзурпатар, калі чалавек не можа спыніцца і бар'ераў для яго няма: набірае пазыкі, крэдыты, прадае маёмасць – у выніку пакутуе сам, ягоная сям'я і грамадства.
Ён уважае за неабходнае ўвесці мараторый на гульню ў крэдыт, а таксама даць права чальцам сям'і забараняць залежнаму сваяку прыходзіць у казіно.
«Тым больш што грошы ад прайграных кватэраў і машынаў ідуць замежным арганізатарам азартных гульняў, а вось гэта ўжо прынцыповае пытанне», – падкрэсліў Лукашэнка.
Ён заявіў, што трэба забараніць банкам ажыццяўляць такія пераводы за межы краіны, паколькі «грошы, заробленыя тут, павінны інвеставацца ў краіну».