Лекар раскрыў дыягназ Вучыча
6- 3.05.2025, 18:47
- 23,978

Прэзідэнт Сербіі не зможа працаваць некалькі дзён.
Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч, якога шпіталізавалі пасля раптоўнага вяртання з ЗША, у стабільным і здавальняльным стане. Аднак некалькі дзён не зможа працаваць у звыклым графіку.
Пра гэта заявіў лекар і кіраўнік Управы ваеннай медыцыны Драган Дзінчыч, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на сербскае медыя РТС.
Паводле словаў лекара, Вучыч тэрмінова вярнуўся з ЗША і лёг у Вайскова-медыцынскую акадэмію ў Бялградзе праз сімптомы, падобныя на рэзкае павышэнне артэрыяльнага ціску. Такое ў Вучыча ўжо адбывалася тройчы за апошнія 10 гадоў.
– Чакаецца, што прэзідэнт пакіне Вайскова-медыцынскую акадэмію цягам гадзіны, аднак цягам некалькіх наступных дзён поўнае вяртанне да звыклага рытму працы малаверагоднае, – сказаў ён.
Лекар расказаў, што падчас знаходжання ў ЗША Вучыч адчуў кароткачасовы моцны боль у грудзях. Пасля прыёму інтэнсіўнай тэрапіі ціск знізіўся, але нягледзячы на рэкамендацыі амерыканскіх лекараў застацца, Вучыч пастанавіў вярнуцца ў Сербію.
Нагадаем, раніцай 3 траўня стала вядома, што Вучыч раптоўна скасаваў візіт у ЗША і вяртаецца ў Сербію. Была інфармацыя, што прычынай такога кроку сталася раптоўнае пагаршэнне здароўя сербскага прэзідэнта.
Ужо днём сербскія медыі паведамілі, што Вучыча шпіталізавалі ў Вайскова-медыцынскую акадэмію ў Бялградзе. Гэта адбылося на фоне планаў сербскага прэзідэнта паехаць у Маскву на парад 9 траўня.
Еўрапейскія чыноўнікі пагражалі, што гэты візіт можа нашкодзіць імкненню Сербіі ўступіць у Еўразвяз. Аднак Вучыч падкрэсліваў, што ўсё роўна паедзе да Пуціна.