ISW: УСУ рушылі наперад на адным з самых гарачых кірункаў фронту
- 30.05.2025, 11:00
- 4,124

Баі працягваюцца ў надзвычай складаных умовах.
Украінскія войскі нядаўна атрымалі тактычны поспех на навапаўлаўскім кірунку ля Курахава.
Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі спасылаюцца на геалакацыйныя матэрыялы, якія пацвярджаюць прасоўванне Сіл абароны Украіны на паўночны ўсход ад населенага пункта Багаціра.
У той жа час сітуацыя на гэтым адцінку застаецца напружанай. Паводле інфармацыі ўкраінскага вайсковага эксперта Канстанціна Машаўца, падраздзяленні РФ таксама дасягнулі прасоўвання - на адзін кіламетр у накірунку ад Аляксееўкі.
Цягам 28-29 траўня расейскія войскі працягвалі штурмавыя дзеянні на захад ад Курахава, паблізу Андрэеўкі, Канстанцінаўкі, Багаціра, а таксама пад Аляксееўкай і Атрадным.
Асобныя расейскія крыніцы сцвярджаюць, што ўкраінская контратака з боку Новаўкраінкі выявілася няўдалай. Сярод праблем, з якімі сутыкаюцца ўкраінскія падраздзяленні на гэтым адрэзку, - актыўнае выкарыстанне ворагам оптавалакновых дронаў, якія складана перахапіць. Такія беспілотнікі расейцы выкарыстоўваюць на адлегласці да 20 км ад сваіх пазіцый, знішчаючы цэлі паблізу лініі фронту, напрыклад, ля Зялёнага Кута.
Такім чынам, хоць Сілы абароны Украіны і маюць лакальныя поспехі, агулам баі працягваюцца ў надзвычай складаных варунках, з бесперапыннай актыўнасцю акупантаў.