Пуцін атрымаў нож у спіну ад Вучыча
5- Тэлеграм-канал «СерпомПо»
- 30.05.2025, 14:57
- 8,892

Гаспадара Крамля зноў падманулі.
Сербскія абаронныя прадпрыемствы насуперак дэклараванаму Бялградам «нейтралітэту» працягваюць пастаўкі боепрыпасаў Кіеву,
паведамляе Служба замежнай выведкі Расеі.
Унёсак сербскіх абаронцаў у «развязаную Захадам вайну», вынікам якой у Еўропе хацелі б бачыць «стратэгічную паразу» Расеі, вылічваецца «сотняй тысяч набояў для РСЗА і гаўбіц, а таксама мільёнам патронаў для стралковай зброі», адзначылі ў ведамстве «напалоханага Штырліца» Нарышкіна.
Паводле яго звестак, прыкрыццём для антырасейскіх дзеянняў служыць «няхітрая схема з выкарыстаннем фальшывых сертыфікатаў канчатковага карыстальніка і краін-пасярэднікаў».
У ліку апошніх часцей за ўсё фігуруюць краіны NATO, найперш Чэхія, Польшча, Балгарыя. У апошні час з гэтай мэтай задзейнічаюцца таксама экзатычныя варыянты з прыцягненнем афрыканскіх дзяржаў.
Трэба ж, і Афрыка «здрадзіла»!
«Сербскі ваенпрам спрабуе стрэліць Расеі ў спіну!» - цытуе ТАСС заяву СВР.
Як жа так, Вучыч! Прыязджаў на парад 9 траўня, ціснуў руку «вялікаму геапалітыку», а другой, значыць, працягваў прадаваць зброю «хунце Зяленскага»?
- Складваецца ўражанне, што жаданне сербскіх абаронцаў і іх апекуноў нажыцца на крыві брацкіх славянскіх народаў прымусіла іх спрэс забыцца пра тое, хто іх сапраўдныя сябры, а хто ворагі, - абураюцца «замежныя выведнікі» і пераходзяць на тэму «печанегаў і полаўцаў»:
- Расея не раз прыходзіла на дапамогу сербам у самыя крытычныя моманты іх гісторыі. Узгадаць, напрыклад, вызваленне Сербіі ад няволі Асманскай імперыі, недапушчэнне нацыянальнай катастрофы ў перыяд Першай сусветнай вайны, барацьбу з фашысцкімі акупантамі і іх паслугачамі падчас Другой сусветнай, натаўскія бамбаванні Бялграда, косаўскую трагедыю. На ўсіх гэтых гістарычных этапах для расейцаў у дачыненнях з сербамі няўхільнымі заставаліся брацкія сувязі і аднаверства.
Ну добра, турэцкі ятаган у спіну «вялікаму геапалітыку», але каб і сербскай шабляй па той жа спіне!
Нават «братушкі», якія ўсё больш актыўна рухаюцца ў бок ЕЗ, ужо не ў стане ствараць вобраз хаўруснікаў пуцінскай Расеі. Зрэшты, як і ўсе іншыя нямногія, уключаючы партнёраў па АДКБ і Мытным саюзе.
Усё больш відавочна, што ў мафіёзнай дзяржавы няма і не можа быць паспяховага праекта, які можна было б прапанаваць сваім суседзям, партнёрам, намінальным хаўруснікам або ўласнаму народанасельніцтву.
Тэлеграм-канал «СерпомПо»