6 чэрвеня 2025, Пятніца, 6:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У абыход санкцый у Беларусь даставілі тры самалёты Airbus

12
У абыход санкцый у Беларусь даставілі тры самалёты Airbus

Праз гамбійскую фірму-пракладку.

Кампанія "Белавія" рыхтуецца лятаць на самалётах Airbus, набытых у абыход санкцый. Зробленыя ў Еўропе самалёты даставілі ў Беларусь праз гамбійскую фірму-пракладку.

Гаворка ідзе пра самалёт Airbus A330-200. Яны ўжо атрымалі рэгістрацыйныя нумары EW-587pd, EW-588pd і EW-589pd, паведаміла расследавальнікам "Бюро" крыніца ў авіяцыйнай галіне.

Адзін з самалётаў, перафарбаваны ў ліўрэю "Белавія", трапіў у кадр відэасюжэту, знятага нядаўна ў Нацыянальным аэрапорце Менск. На відэа можна ўбачыць беларускі рэгістрацыйны нумар EW-589pd.

Раней самалётаў Airbus у авіяпарку "Белавія" ніколі не было, а вось расейскі "Аэрафлот" выкарыстоўвае іх ужо даўно. Таму беларускія бортправаднікі з канца мінулага года вучыліся абслугоўваць самалёты, якія прыбылі ў Менск. Фатаграфіі гэтай падрыхтоўкі расследавальнікі знайшлі ў сацсетках.

Яшчэ адна крыніца ў авіяцыйнай сферы расказала журналістам, што "Белавія" разлічвае ў лепшым выпадку запусціць у эксплуатацыю толькі два самалёты да канца гэтага года. Цяпер іх даводзяць да парадку, бо самалётам больш за 20 гадоў і і маюць зношаны салон.

Для закупу самалётаў у абыход санкцый ЕЗ, якія дзейнічаюць са снежня 2021 года, была выкарыстана гамбійская кампанія Magic Air. Ёй фармальна належаць самалёты, яна ж даставіла іх у Менск. Гамбія не трапляе пад заходнія авіяцыйныя санкцыі і не брала на сябе ніякіх абавязкаў ў іх выкананні.

Асноўным уладальнікам кампаніі Magic Air з'яўляецца іарданскі бізнэсмэн сірыйскага паходжання Тарэк Зіяд Абдэль Хамід аль-Аджамі. Раней ён прыганяў самалёты Airbus для сірыйскай авіякампаніі Cham Wings, якая ў часы Башара Асада выкарыстоўвалася для перавозкі сірыйскіх наймітаў, гандлю зброяй, наркатрафіку і адмывання грошай. Таксама Еўразвяз увёў на Cham Wings санкцыі за тое, што кампанія перавозіла ў Беларусь мігрантаў з Сірыі, якія спрабавалі нелегальна патрапіць у ЕЗ.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках