Славакія верне свайго амбасадара ў Беларусь
4- 30.05.2025, 21:34
- 3,028

Ёзаф Мігаш ужо займаў гэтую пасаду ў Менску з 2016 да 2020 года.
Новым надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам Славакіі ў Беларусі стане Ёзаф Мігаш. Пра гэта паведаміў МЗС Славакіі.
Дыпламат ужо займаў гэтую пасаду ў Менску з 2016 да 2020 года, але пакінуў яе пасля ўдзелу ў парадзе 9 траўня – тады гэта выклікала крытыку на ягонай радзіме.
Ва ўстанове падкрэслілі, што Мігаш спецыялізуецца на краінах Усходняй Еўропы і мае шматгадовы досвед у постсавецкай прасторы: раней ён таксама ўзначальваў амбасады Славакіі ва Украіне і Расеі.
Міністр замежных і еўрапейскіх справаў Славакіі Юрай Бланар пракаментаваў вяртанне Мігаша: «Мы хочам аднавіць канструктыўны дыялог і з беларускім бокам – як на двухбаковым узроўні, так і ў шматбаковым фармаце. Сёння вельмі важна даць прастору дыпламатыі, дыялогу і перамовам, каб з'явіліся першыя вынікі, напрыклад, у крытычна важных мірных перамовах і як мага хутчэйшым заканчэнні вайны ва Украіне».
МЗС Славакіі ахарактарызавала Беларусь як «эканамічную і палітычную партнёрку ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе», з якой магчыма развіваць супрацоўніцтва ў такіх сферах, як гандаль, сельская гаспадарка, культура і адукацыя.
Паводле словаў Ёзафа Мігаша, дыпмісія прадоўжыць консульскія паслугі славацкім грамадзянам у Беларусі. Ён таксама адзначыў рост цікавасці беларусаў да атрымання адукацыі ў Славакіі:
«У Славакіі жыве блізу 10 тысячаў беларусаў, якія з'яўляюцца мостам паразумення паміж нашымі двума народамі».