У Беларусі на вайсковыя зборы выклікаюць тых, хто не служыў у войску
29- 31.05.2025, 18:05
- 22,516

Прэцэдэнт створаны ў Магілёўскай вобласці.
У Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах 27 траўня пачаліся вайсковыя зборы сіл тэрытарыяльнай абароны. 200 мужчын былі прызваныя для праходжання вайсковай падрыхтоўкі, у тым ліку тыя, якія ніколі не служылі ў войску - на зборах яны прымуць воінскую прысягу, піша мясцовы інфармацыйны партал.
Тэрміновы пункт прыёму асабовага складу быў арганізаваны ў дзіцячым цэнтры творчасці ў Чэрыкаве, адкуль мужчын адвезлі ў аграгарадок Лабанаўку, дзе і знаходзіцца вайсковы лагер, у якім яны правядуць наступны месяц. Таксама там ім выдадуць вайсковую форму.
У час збораў асноўная ўвага будзе ўдзеленая супольнай рабоце сіл тэрытарыяльнай абароны і міліцыі пад камандаваннем службовых асоб раёна.
Тыя, хто раней не служыў у войску, прымуць падчас збораў вайсковую прысягу. За ўсімі набранымі абяцаюць захаваць працоўнае месца і выплаціць сярэдні заробак. За час збораў мужчыны атрымаюць вайскова-ўліковую спецыяльнасць.