Трамп пачаў новы віток гандлёвай вайны
9- 31.05.2025, 12:56
- 4,982

Новыя тарыфы набудуць моц з 4 чэрвеня.
Дональд Трамп пачаў новую эскалацыю гандлёвай вайны, заявіўшы, што павысіць тарыфы на імпарт сталі і алюмінію ўдвая - з 25 да 50 адсоткаў. Як піша Financial Times, прэзідэнт ЗША паабяцаў узвесці тарыфную «загароду» вакол айчыннай вытворчасці металаў.
«Мы збіраемся падняць тарыфы на сталь у Злучаных Штатах Амерыкі з 25 да 50 адсоткаў, што яшчэ больш засцеражэ сталеліцейную прамысловасць…Ніхто не зможа абмінуць гэта...» Пры 25 адсотках яны могуць пералезці праз агароджу. Пры 50 адсотках яны ўжо не змогуць пералезці праз агароджу», - заявіў Трамп.
Пазней Трамп у сваёй сацсетцы Truth напісаў, што новыя тарыфы набудуць моц з 4 чэрвеня.
У сакавіку Трамп увёў 25-адсоткавыя тарыфы на імпарт сталі і алюмінію, што стала адным з першых удараў у рамках ягонай глабальнай гандлёвай вайны.
«Незалежна ад юрыдычных бар'ераў і эканамічных наступстваў, Трамп відавочна мае намер працягваць выкарыстоўваць тарыфы ў якасці інструмента палітыкі, каб абараніць амерыканскую вытворчасць ад разбуральнага ўздзеяння замежнай канкурэнцыі», - сказаў Эсвар Прасад, эканаміст з Карнэльскага ўніверсітэта.