Паміж Азербайджанам і Расеяй разгараецца новы скандал
11- 4.05.2025, 15:44
- 38,686

Баку патрабуе тлумачэнняў ад Масквы.
Азербайджан запатрабаваў тлумачэнняў ад Расеі праз затрыманне ў маскоўскім аэрапорце дэпутата Мілі Меджліса (парламента) краіны Азэра Бадамава. Як паведамляюць азербайджанскія СМІ, прэс-сакратар МЗС Азербайджана Айхан Гаджызадэ пацвердзіў паведамленні аб тым, што Бадамаў, які ляцеў у Астрахань з перасадкай у Маскве, быў затрыманы ў маскоўскім аэрапорце Унукава і не дапушчаны на рэйс у Астрахань. Яму было абвешчана аб забароне на ўезд у Расею. Пазней яго адправілі назад у Баку, паведамляе «Радио Свобода».
Са слоў Гаджызадэ, пастанова аб забароне ўезду была прынятая без папярэдняга апавяшчэння і тлумачэнняў. Прадстаўнік МЗС падкрэсліў, што дэпутат адпраўляўся ў Астрахань у складзе дэлегацыі для ўдзелу ў мерапрыемствах, прымеркаваных да 102-й гадавіны з дня нараджэння былога прэзідэнта Азербайджана Гейдара Аліева. Візіт быў арганізаваны на запрашэнне віцэ-губернатара Астраханскай вобласці Дзяніса Афанасьева.
Прадстаўніца расейскага МЗС, са слоў Гаджызадэ, заявіла, што пытанне будзе расследаванае, але не дала тлумачэнняў аб прычынах пастановы аб забароне ўезду. У Баку расцэньваюць дзеянні Масквы як недружалюбны крок.
Азербайджанскае агенцтва навін 1news мяркуе, што Бадамаву забаранілі ўезд у Расею ў якасці адказу на яго выказванні на адрас дэпутата Дзярждумы Мікалая Валуева, які ў сваю чаргу быў унесены ў «чорны спіс» у Азербайджане. Канфлікт пачаўся пасля таго, як Валуеў у сваім тэлеграм-канале пракаментаваў навіну аб закрыцці так званага Рускага дома ў Баку, выкарыстоўваючы, як паведамлялася, у дачыненні да азербайджанцаў абразлівыя выразы. Бадамаў у адказ напісаў у Фэйсбуку: «Калі паспрабаваць па-мастацку адлюстраваць сярэднестатыстычнага прадстаўніка «шоблы», то лепш за ўсё для гэтага падыдзе партрэт Мікалая Валуева. Дастаткова паглядзець на антрапалагічны тып гэтай істоты, каб зразумець, што гэта рэдкі экспанат тупіковай галіны эвалюцыі».