23 траўня 2025, Пятніца, 17:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Financial Times: ЕЗ прымусіць кампаніі раскрыць газавыя кантракты з Расеяй

Financial Times: ЕЗ прымусіць кампаніі раскрыць газавыя кантракты з Расеяй

Гэта наступны этап плана поўнай адмовы ад расейскіх энэргарэсурсаў да 2027 года.

Еўрапейская камісія рыхтуе ўдар па рэштках энэргетычнай залежнасці ад Масквы. Як стала вядома Financial Times, ужо ў наступным месяцы Еўракамісія прапануе ўвесці абавязковыя правілы для ўсіх кампаній ЕЗ - раскрываць аб'ёмы і тэрміны сваіх газавых кантрактаў з Расеяй (пераклад - сайт Charter97.org).

Мэта - пабачыць выразную карціну паставак і, як паказана ў праекце дакумента, «дазволіць урадам і Еўракамісіі ўкараняць мэтавыя захады і знаходзіць альтэрнатыўныя крыніцы». Афіцыйны Брусэль пакуль адмовіўся каментаваць ініцыятыву.

Размова ідзе аб наступным этапе плана поўнай адмовы ад расейскіх энэргарэсурсаў да 2027 года. Апроч раскрыцця інфармацыі, дакумент прадугледжвае забарону на спотавыя кантракты на газ ужо да канца 2025 года. А ад доўгатэрміновых кантрактаў прапануюць адмовіцца «не пазней за 2027-ы».

«Гэта куды больш амбіцыйна, чым чакалася», – прызнаў адзін з прадстаўнікоў газавай галіны, адзначыўшы, што прававая аснова для такіх забарон выклікае сумневы.

Нягледзячы на значнае скарачэнне паставак пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, Расея па-ранейшаму забяспечвае 13% імпарту газу ў ЕЗ. Да 2022 года гэты паказчык складаў 28%. З нафтапрадуктамі справы ідуць лепш - пастаўкі з РФ скараціліся да 3%.

Аднак залежнасць захоўваецца ў Цэнтральнай Еўропе. Напрыклад, на Вугоршчыну і Славаччыну па-ранейшаму прыпадае блізу 80% паставак расейскай нафты. А іх АЭС савецкага тыпу ўсё яшчэ маюць патрэбу ў расейскіх запчастках і паліве.

Акрамя газу камісія плануе ўвесці гандлёвыя захады ў дачыненні да ўзбагачанага ўрану, каб паскорыць пераход на еўрапейскія ланцужкі паставак і пазбавіць ЕЗ ад «атамнай залежнасці» ад Масквы.

Да канца 2025 года краіны ЕЗ павінны прадставіць дарожныя карты адмовы ад расейскіх энэрганосьбітаў. Еўропа больш не хоча быць закладніцай геапалітыкі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках