«Тэатральнае прадстаўленне»: украінцы высмеялі прапанаванае Крамлём «замірэнне»
29- 8.05.2025, 7:34
- 19,858

Украіна не будзе гарантаваць бяспеку параду ў Маскве.
Трохдзённая паўза ў баявых дзеяннях супраць Украіны, прапанаваная расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, была высмеяная многімі ўкраінцамі і апісаная прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім як не больш чым «тэатральнае прадстаўленне».
Як піша BBC, Пуцін прапанаваў трохдзённае спыненне агню, каб адсвяткаваць 80 гадоў Перамогі ў Другой сусветнай вайне. Але, як адзначыла выданне, перад гэтым ён адхіліў значна больш істотную прапанову адміністрацыі Трампа аб 30-дзённым спыненні агню.
Зяленскі адхіліў прапанаванае Крамлёўскім дыктатарам спыненне агню і заявіў, што Украіна не будзе гарантаваць бяспеку вайсковага параду на Чырвонай плошчы ў Маскве 9 траўня.
«Расейская прапанова была сустрэтая з шырокім цынізмам ва Украіне, дзе апытанні нязменна паказваюць, што блізу 95% насельніцтва не давяраюць Расеі», - напісала выданне.
«Я не веру, што будзе якое-небудзь спыненне агню. У апошні час абстрэлы толькі ўзмацніліся, сёння паўдня мы чулі выбух за выбухам», - сказала 42-гадовая Таццяна Кандраценка, уладальніца крамы ў Хоціне Сумскай вобласці, якая зазнае моцным варожым ударам.
На думку жанчыны, Зяленскі меў рацыю, адхіліўшы прапанову, «таму што вы ведаеце, як яны дзейнічаюць, як гэта было на Вялікдзень».
«Яны абвясцілі аб спыненні агню, затым выкарыстоўвалі яго, каб падцягнуць больш тэхнікі, і зноў пачалі атакаваць. Якое гэта спыненне агню?»,- выказалася яна.
У сваю чаргу старшы афіцэр украінскага войска паведаміў BBC, што часткі на перадавой атрымалі загад спыніць абстрэл варожых пазіцый, але фіксаваць доказы парушэнняў з боку расейцаў і пры неабходнасці адкрываць агонь у адказ.
Ва Украіне гэтую паўзу ў асноўным не ўспрымаюць сур'ёзна, замест гэтага яго ўспрынялі як хутчэй прапагандысцкае практыкаванне. Экс-міністр замежных спраў Павел Клімкін сказаў выданню, што гэта была проста чарговая расейская дэманстрацыя сілы.
«Расея фармулюе парадак дня на сваіх умовах. Гэта не мае нічога агульнага з рэальным спыненнем агню. Уся справа ў пасланнях - пасланнях унутры краіны, пасланнях ЗША, пасланнях Еўропе, каб сказаць, што мы, Расея, кантралюем сітуацыю», - выказаў меркаванне экс-міністр.
Украіна ўжо дала зразумець, што яна гатовая да поўнага, безумоўнага спынення агню і не абавязаная браць удзел у парадку дня Расеі, сказаў Міхаіл Самусь, украінскі вайсковы аналітык і дырэктар New Geopolitics Research Network.
«Навошта нам гуляць у гульню Пуціна? Мы гатовыя да рэальнага спынення агню. Калі ён хоча арганізаваць парад, каб паказаць, што ён вялікі лідар, гэта ягоная справа», - адзначыў ён.