Трамп прыстрашыў Расею новымі санкцыямі
7- 9.05.2025, 11:57
- 8,642

Фота: Bloomberg
Прэзідэнт ЗША выступіў з заявай пасля размовы з Зяленскім.
Расея і Украіна павінны ўкласці замірэнне без дадатковых умоў як мінімум на 30 дзён, заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Паводле яго, перамовы паміж сторанамі трываюць.
"Калі спыненне агню не будзе выконвацца, ЗША і іх партнёры ўвядуць дадатковыя санкцыі", - напісаў кіраўнік Белага дома ў Truth Social. Ён дадаў, што на вайне ва Украіне штодня гінуць “тысячы маладых жаўнераў”.
Трамп таксама падкрэсліў, што ён супольна з еўрапейскімі партнёрамі працягне імкнуцца да дасягнення замірэння паміж Масквой і Кіевам, якое павінна «ў выніку прывесці да мірнага пагаднення».
Увечары 8 траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў пра “добрую размову” з Трампам, якая тычылася, сярод іншага, мірнага ўрэгулявання. Украіна гатовая да 30-дзённага замірэння “хоць з сённяшняга дня”, адзначыў ён. “Мы чакаем ад Расеі згоды з гэтай прапановай. Я пацвердзіў, што Украіна гатовая да перамоў ва ўсялякім фармаце”, - напісаў Зяленскі ў тэлеграм-канале.