Reuters: ЗША і Еўропа падрыхтавалі для Пуціна жорсткі ўльтыматум
8- 9.05.2025, 20:52
- 20,716

Гаспадара Крамля хочуць паставіць перад выбарам.
ЗША і еўрапейскія хаўруснікі амаль узгаднілі фінальную прапанову пра 30-дзённае спыненне агню ва Украіне. У выпадку адмовы Масквы ад прапановы прадугледжанае супольнае ўвядзенне новых санкцый. Пра гэта піша Reuters (пераклад – «Уніян») са спасылкай на крыніцу ў французскай дыпламатычнай інстытуцыі.
Выданне адзначае, што напярэдадні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паўтарыў заклік да 30-дзённага безумоўнага спынення агню паміж Расеяй і Украінай і папярэдзіў пра магчымасць увядзення санкцый супольна з партнёрамі, калі баявыя дзеянні будуць прадаўжацца.
Украіна даўно пагадзілася на гэтую прапанову, але Расея спрабуе ўхіляцца, сярод іншага ўвёўшы ў аднабаковым парадку трохдзённае спыненне агню з 8 да 10 траўня, каб адзначыць 80-я ўгодкі паразы гітлераўскай Нямеччыны. Цяпер жа Расею паставяць перад канчатковым выбарам.
– Мы яшчэ не поўнасцю закончылі праект, але спадзяемся, што мы знаходзімся на этапе збліжэння. Цягам наступных гадзінаў або дзён можа быць абвешчана пра спыненне агню – або на 30 дзён, або паэтапнае, што цяпер усё яшчэ абмяркоўваецца, – сказала дыпламатычная крыніца на ўмовах ананімнасці.
Паводле словаў суразмоўцы журналістаў, цяпер прадаўжаюцца дыскусіі, ці варта Украіне абвясціць аднабаковае перамір'е, паставіўшы Крэмль перад фактам, ці ўсё ж варта даць Расеі крыху часу, каб адрэагаваць на саму прапанову. Але ў любым выпадку, калі Расея адмовіцца, супраць яе будуць ужытыя новыя санкцыі ЗША і ЕЗ.