Вялікая Брытанія пастанавіла набыць у ЗША дадатковыя ядзерныя знішчальнікі
1- 1.06.2025, 13:14
- 2,030

Лондан вядзе перамовы пра набыццё F-35A.
Вялікая Брытанія пачала перамовы з ЗША пра набыццё знішчальнікаў F-35A, здольных несці тэрмаядзерныя бомбы B61-12, паведамляе
The Times са спасылкай на высокапастаўленых чыноўнікаў. Паводле іх словаў, пастанова была прынятая праз рост пагрозы з боку Расеі. Ініцыятыву ўхваліў прэм'ер-міністр Кір Стармер. Набыццё знішчальнікаў стане самай значнай зменай у сістэме ядзернага стрымлівання Вялікай Брытаніі з часоў халоднай вайны
Раней Лондан замовіў у ЗША 48 знішчальнікаў F-35B для двух авіяносцаў каралеўскіх ВМС. 47 з іх ужо былі атрыманыя. Знішчальнікі-няўгледкі F-35A Lightning маюць большую далёкасць – 1400 км. Яны стануць другім кампанентам сістэмы ядзернага стрымлівання. Іх могуць ужываць у сітуацыях, якія не прадугледжваюць поўнамаштабнай вайны, а таксама разгортваць непасрэдна на полі бою – такой магчымасці цяпер у Брытаніі няма. F-35A часткова заменяць еўрапейскія знішчальнікі Eurofighter Typhoon, якія саступаюць у характарыстыках. Каралеўскія ВПС плануюць спісаць 49 такіх самалётаў.
Міністр абароны Джон Хілі адмовіўся каментаваць перамовы пра набыццё F-35A, але прызнаў, што Брытанія павінна адаптавацца да «новай эры пагрозаў». «Свет дакладна становіцца больш небяспечным. Ядзерныя рызыкі растуць. І мы ўпершыню з часоў заканчэння халоднай вайны сутыкаемся з рэальнымі пагрозамі міждзяржаўнага канфлікту», – адзначыў ён.
Брытанская ядзерная зброя размяшчаецца на чатырох атамных падводных лодках тыпу Vanguard. У снежні таксама паведамлялася пра планы ЗША ў найбліжэйшыя некалькі гадоў размясціць тактычную ядзерную зброю на ваеннай базе Лейкенхіт у графстве Сафалк.
Акрамя пашырэння ядзернага арсеналу, урад Брытаніі інвестуе 6 млрд фунтаў стэрлінгаў ($ 8,1 млрд) у стварэнне і набыццё боепрыпасаў. 1,5 млрд з гэтых грошай будзе выдаткавана на будаўніцтва шасці новых вайсковых заводаў, якія забяспечаць 1000 працоўных месцаў. Таксама Каралеўскі флот хоча павялічыць колькасць эсмінцаў і фрэгатаў з 14 да 25.