Рэжым Лукашэнкі абвінавацілі ў стварэнні перашкод для працы навігацыйных сістэм
19- 10.06.2025, 17:36
- 27,098

Міністры транспарту 13 краін ЕЗ заклікалі да «неадкладных і скаардынаваных дзеянняў».
Міністры транспарту 13 краін Еўразвязу заклікалі Еўрапейскую камісію да «неадкладных і скаардынаваных дзеянняў у адказ на перашкоды ў працы глабальных навігацыйных спадарожнікавых сістэм (ГНСС), якія тдуць з Расеі і Беларусі», паведамляе агенцтва BNS.
Адпаведны ліст адрасаваны Вярхоўнаму прадстаўніку ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Каі Калас, еўракамісарам Андрусу Кубілюсу (у абароне і космасе), Апосталасу Цыцыкостасу (ва ўстойлівым транспарце і турызме) і іншым чальцам Еўракамісіі.
Міністры падкрэсліваюць, што «з 2022 года ў паветранай прасторы рэгіёну Балтыйскага мора назіраюцца два тыпы перашкод ГНСС — глушэнне і спуфінг, што нясе пагрозу для розных тыпаў транспарту, цывільнай авіяцыі і марскога суднаходства».
Аўтары ліста мяркуюць, што «выпадкі перашкод у працы ГНСС з'яўляюцца не выпадковымі інцыдэнтамі, а сістэматычнымі, наўмыснымі дзеяннямі Расеі і Беларусі, якія могуць быць выкарыстаныя ў якасці гібрыднай атакі на стратэгічны радыёспектр, неабходны для сучасных тэхналогій, рэгіянальнай бяспекі і абароненасці, асабліва на транспарце».
У мэтах падвышэння бяспекі Еўропы міністры таксама заклікалі ЕС «актывізаваць дыпламатычныя намаганні для ліквідацыі перашкод» і «ціснуць на адказныя стораны, у тым ліку шляхам судовых пазваў супраць адказных асоб і арганізацый, якія маюць дачыненне да наўмыснага ўмяшання ў сігналы ГНСС.
Паведамляецца, што ліст, тэкст якога быў узгоднены на пасяджэнні Рады ЕЗ у транспарце, тэлекамунікацыях і энэргетыцы 5-6 чэрвеня ў Люксембургу, падпісалі міністры транспарту Нямеччыны, Даніі, Італіі, Гішпаніі, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Чэхіі і Эстоніі.
«Цяперашняя абстаноўка ў сферы бяспекі патрабуе адзінага адказу на гібрыдныя пагрозы, якія зыходзяць ад варожых рэжымаў, а таксама шчыльнага супрацоўніцтва для падвышэння гатоўнасці і ўстойлівасці Еўропы. Збоі ў працы сігналаў ГНСС маюць непасрэдны ўплыў на такія стратэгічныя сектары, як транспарт, энэргетыка і тэлекамунікацыі. Каб прадухіліць патэнцыйныя інцыдэнты, мы павінны дзейнічаць хутка і рашуча на ўзроўні Еўрапейскага Звязу — не індывідуальна, а скаардынавана», — падае BNS заяву міністра транспарту і камунікацый Літвы Эўгеніюса Сабуціса.