Каліфорнія падала ў суд на Трампа
20- 10.06.2025, 14:16
- 9,090

Фота: Bloomberg
Прэзідэнт ЗША мог парушыць федэральнае заканадаўства і Канстытуцыю.
Штат Каліфорнія і губэрнатар Гэвін Ньюсам падалі ў суд на прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, Пэнтагон і міністра абароны Піта Хэгсэта праз увод у Лос-Анджэлес войскаў нацыянальнай гвардыі.
У скарзе, накіраванай у Федэральны акруговы суд Сан-Францыска, сцвярджаецца, што Трамп сваёй пастановай парушыў федэральнае заканадаўства і Канстытуцыю, паведамляе Reuters.
"Трамп неаднаразова выкарыстоўваў надзвычайныя паўнамоцтвы, каб перавысіць межы законнай выканаўчай улады. У суботу, 7 чэрвеня, ён выкарыстаў акцыю пратэсту, якую кантралявалі мясцовыя ўлады, каб здзейсніць яшчэ адзін беспрэцэдэнтны захоп улады, гэтым разам за кошт суверэнітэту штата Каліфорнія і насуперак аўтарытэту і ролі губернатара як гетмана Нацыянальнай гвардыяй штата», — адзначаецца ў дакуменце. У сувязі з гэтым штат запатрабаваў ад суда скасаваць пастанову аб разгортванні байцоў Нацгвардыі і вярнуць кантроль над імі губернатару.
Трамп накіраваў у Каліфорнію 2 тысячы вайскоўцаў Нацгвардыі і 700 марскіх пяхотнікаў пасля пачатку масавых беспарадкаў, прычынай якіх сталі рэйды іміграцыйнай і мытнай паліцыі ЗША (ICE) супраць нелегальных мігрантаў. Для разгону пратэстоўцаў у Лос-Анджэлесе вайскоўцамі выкарыстоўваўся слёзацечны газ і святлошумавыя гранаты. Трамп пахваліў Нацгвардыю за «добра выкананую працу», адзначыўшы, што без уводу вайсковых горад «згарэў бы дашчэнту». Ён таксама абвінаваціў улады Каліфорніі і Лос-Анджэлеса ў тым, што яны не робяць дастатковых захадаў для барацьбы з гвалтам падчас пратэстаў, і заявіў, што падтрымаў бы арышт губернатар Ньюсома, паколькі ён «вельмі некампетэнтны». Губернатар Каліфорніі назваў заяву Трампа «несумнеўным крокам да аўтарытарызму».
Са слоў генпракурора Каліфорніі Роба Бонта, для ўводу войскаў Нацгвардыі Трамп задзейнічаў закон, які да яго выкарыстоўваўся толькі аднойчы, у 1970-м годзе, калі прэзідэнт Рычард Ніксан падчас паштовага страйку выкарыстаў вайскоўцаў для дастаўкі пошты. Таксама гэта быў першы выпадак увядзення закона ў дзеянне без згоды губернатара з 1965 года, калі прэзідэнт Ліндан Джонсан разгарнуў войскі ў Алабаме для абароны дэманстрантаў за грамадзянскія правы.