Сыравінная эканоміка Пуціна затрашчала ў швах
4- 10.06.2025, 20:03
- 6,400

Прыбыткі нафтагазавых кампаній упалі ўдвая.
Падзенне коштаў нафты, анамальнае ўмацаванне рубля і ўзмацненне заходніх санкцый ударылі ў сыравіннае «сэрца» расейскай эканомікі.
Сальдаваны прыбытак кампаній, якія здабываюць нафту і газ, у першым квартале 2025 года ўпаў практычна ўдвая, даў справаздачу Расстат. За тры месяцы нафтагазавыя карпарацыі, ад якіх залежыць кожны трэці рубель у бюджэце, зарабілі 789,5 млрд рублёў супраць 1,445 трлн год таму, паведамляе The Moscow Times.
Рэнтабельнасць нафтаперапрацоўчых заводаў апусцілася амаль да нуля. За квартал вытворцы нафтапрадуктаў зарабілі 4,5 млрд рублёў – на 95,7%, або ў 23 разы менш, чым год таму.
У цэлым сыравінная прамысловасць, якая забяспечвае 14% расейскага ВУП і палову прыбыткаў бюджэту, страціла 38% сальдаванага прыбытку: Br1,098 трлн супраць 1,759 трлн у першым квартале летась.
Рахункі нафтавых кампаній пусцеюць з тым, як таннее нафта: калі ў студзені бараль расейскага гатунку Urals прадаваўся за мяжу за $66, то да канца сакавіка кошт апусціўся да $59, а да канца траўня – да $52. Гэта апусціла валютную выручку ад нафтавага экспарту да мінімуму за 2,5 гады – $1,2 млрд на тыдзень, паводле звестак Bloomberg.
Следам «затрашчаў у швах» расейскі бюджэт: у траўні ягоныя нафтагазавыя прыбыткі ўпалі на 34%, а дэфіцыт за пяць месяцаў амаль утрая перавысіў першапачатковы план Мінфіна – 3,4 трлн рублёў супраць 1,2 трлн.
Узмацненне жорсткасці заходніх санкцый – з унясеннем у «чорныя спісы» новых танкераў «ценевага флоту» і зніжэннем «коштавай столі» з $60 да $45 за бараль – абяцае «няпростыя часы» нафтавым кампаніям і боль бюджэту, пішуць эксперты Інстытута энэргетыкі і фінансаў.
Пад санкцыямі ўжо знаходзяцца 426 танкераў – палова «ценевага флоту» Крамля, і большая частка гэтых караблёў выразаная з сусветнага нафтавага гандлю. Але расейскую нафту, пакуль яна каштуе менш за $ 60, возяць грэцкія суднаўладальнікі, якія адмовяцца ад перавозак, калі «коштавая столь» знізіцца. Калі да еўрапейскай пастановы знізіць столь коштаў далучацца ЗША, «верагоднае адчувальнае скарачэнне марскога экспарту нафты з РФ» і «яшчэ большае скарачэнне нафтавых прыбыткаў ужо ў другой палове гэтага года», піша ІЭФ. Казна можа недалічыцца 800 млрд рублёў нафтагазавых паступленняў, ацэньвае аналітык Freedom Finance Global Уладзімір Чарноў.
На фоне падзення коштаў нафтакампаніі пастараюцца зменшыць выплаты ў дывідэндах, каб больш пакінуць на развіццё кампаній ва ўмовах дарагіх крэдытаў, аднак гэтаму будуць супрацьстаяць улады, мяркуе Ігар Юшкоў з Фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе РФ.
«Праблемаў шмат, што прымушае кіраўніцтва кампаній прынамсі асцярожнічаць (з выплатамі), а з іншага боку, дзяржава, дзе ў іх ёсць дзель, каб закрыць дзірку ў бюджэце, якая разрастаецца, і будуць лабіяваць павышаныя дывідэнды, каб дайшло больш грошай у бюджэт», – тлумачыць Юшкоў. Ён не выключае, што ўрад задумаецца пра павышэнне падатковай нагрузкі на нафтавікоў, каб пакрыць дэфіцыт казны.