20 чэрвеня 2025, Пятніца, 4:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць беларускага «дэпутата», які браў удзел у вывазе дзяцей з Украіны

3
Зяленскі ўвёў санкцыі супраць беларускага «дэпутата», які браў удзел у вывазе дзяцей з Украіны

Санкцыі ўведзеныя на 50 гадоў.

Беларускі «дэпутат», генеральны сакратар грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа» Дзмітрый Шаўцоў уключаны ва Украіне ў санкцыйны спіс. Адпаведны ўказ Уладзіміра Зяленскага апублікаваны на афіцыйным сайце прэзідэнта Украіны.

Дзмітрый Шаўцоў, паводле ўказу, як і іншыя асобы, уключаныя ў санкцыйны спіс, цяпер не можа карыстацца актывамі на тэрыторыі Украіны, набываць там ва ўласнасць зямельныя надзелы ці нават лётаць праз Украіну.

Санкцыі ўведзеныя на 50 гадоў.

Нагадаем, у ліпені 2023 года Дзмітрый Шаўцоў падчас чарговай паездкі на Данбас прызнаўся, што ягоная арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны.

Да гэтага Шаўцоў не раз ездзіў на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі і быў заўважаны ў камуфляжы і з літарай Z на рукаве, хоць статут Чырвонага Крыжа патрабуе ад сяброў арганізацыі заставацца нейтральнымі.

Пасля гэтых выпадкаў справай зацікавілася Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП). Там асудзілі паездку Шаўцова ў акупаваныя ўкраінскія рэгіёны. У арганізацыі мяркуюць, што абставіны візіту кампраметуюць яе асноўныя прынцыпы. Федэрацыя звязалася з Беларускім Чырвоным Крыжом, каб выказаць «сур'ёзную заклапочанасць і прадухіліць любую падобную дзейнасць у будучыні», а таксама звярнулася ў камітэт выканання прававых нормаў і пасярэдніцтва МФТЧКіЧП для расследавання гэтага выпадку.

У МФЧК таксама рэкамендавалі Дзмітрыю Шаўцову адысці ад справаў і папрасілі зрабіць гэта да 3 кастрычніка. Але ў пачатку верасня ў Менску адбылося пазачарговае паседжанне XXVI з'езду Беларускага Чырвонага Крыжа, на якім Шаўцоў быў аднагалосна пераабраны на пасаду генсака, нягледзячы на рэкамендацыі МФТЧКіЧП. У выніку ўдзел Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай Федэрацыі Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца быў прыпынены з 1 снежня 2023 года.

Шаўцоў на гэта заявіў, што арганізацыя паплацілася за «дапамогу дзеткам з Данбаса», а пазбаўленне ўдзелу ў міжнароднай федэрацыі робіць Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа «толькі мацнейшым». Праўда, ужо праз два месяцы Беларускі Чырвоны Крыж звярнуўся да ўладаў, каб абавязаць медыкаў фінансаваць арганізацыю – як мінімум у Менску.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках