Bloomberg: На саміце NATO рыхтуецца важная пастанова для Украіны
8- 11.06.2025, 11:38
- 12,154

Стаў вядомы праект папярэдняй дэкларацыі.
Падчас саміту NATO, які адбудзецца ў чэрвені, будзе разглядацца магчымасць уключэння фінансавай дапамогі Украіне ў агульныя абаронныя выдаткі краін-удзельніц. Аднак Украіну ў NATO не запросяць, пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на праект папярэдняй дэкларацыі, якая апынулася ў распараджэнні журналістаў.
«Хаўруснікі з NATO разгледзяць магчымасць дазволу ўключэння сваіх унёскаў у абарону Украіны ў новыя мэтавыя выдаткі, якія, як чакаецца, будуць прынятыя на саміце лідараў (краін блока) пазней у гэтым месяцы», - гаворыцца ў паведамленні агенцтва са спасылкай на чарнавік дакумента.
Таксама ў праекце дакумента гаворыцца аб ініцыятыве аб змяншэнні бар'ераў у сферы міжнароднага гандлю абароннай прадукцыяй. Дакумент складаецца толькі з адной старонкі і мае асаблівы абаронны характар, без асобных абавязанняў далейшай падтрымкі Украіны.
Паведамляецца, што галоўная ўвага на сустрэчы ў Гаазе будзе засяроджаная не на ўкраінскім пытанні, а на ўзгадненні пастановы аб павелічэнні выдаткаў на абарону з боку краін-чальцоў. Гэта павінна адпавядаць чаканням прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Міністр абароны ЗША Піт Гегсэт раней заявіў, што хаўруснікам удасца дасягнуць дамоўленасці аб павелічэнні абароннага бюджэту да ўзроўню 5% ад ВУП яшчэ да пачатку саміту.