18 чэрвеня 2025, Серада, 10:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэта не пасяўная і «Дажынкі»: вядомы актор адказаў міністру культуры

23
«Гэта не пасяўная і «Дажынкі»: вядомы актор адказаў міністру культуры
Андрэй Новік

Беларусам патрэбная свабода самавыяўлення і творчасці.

Лукашэнка заявіў аб праблемах у беларускім тэатры і кінематографе — нібыта ўсюды «жуллё і ворагі». Таксама ён успомніў пра пратэсты, калі супрацоўнікі «Беларусьфільма» былі ў першых шэрагах пратэстоўцаў.

Чаму дыктатар так не любіць людзей мастацтва? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з рэжысёрам, акторам тэатра і кіно Андрэем Новікам:

— Па-першае, людзі мастацтва - адны з тых нямногіх, хто можа публічна выказваць сваё меркаванне. Калі ўзяць тэатр, то можна трактаваць як несанкцыянаваны мікрамітынг, калі артыст раптам перад аўдыторыяй на 300 чалавек выкажа сваё меркаванне, якое адрозніваецца ад дзяржаўнай лініі. Такая гісторыя, вядома, была б не вельмі прыемная для ўлады.

Артысты і палітыкі — гэта прыкладна 80% тых, хто можа звяртацца да людзей з тэлеэкранаў. Таму, вядома, для дыктатарскіх рэжымаў зручней выхоўваць народ без нейкіх медыйных куміраў, якія могуць павесці за сабой - за сваім меркаваннем, бачаннем, ідэаламі. Каб не дапусціць такіх фігур, як Робэрт Дэ Ніра. Не даць вырасці артысту такога маштабу, які на прэміі «Оскар» можа выказацца перад мільярдам гледачоў. Вось пра што гаворка.

Значна зручней пераканаць людзей, што ў нас няма нікога, ды і саміх артыстаў, што яны ніхто і нішто, што яны не маюць права выказваць сваё меркаванне, чым дазволіць такое волевыяўленне.

- Лукашэнка нават сказаў: «Без Вас мы можам абысціся». Ці можа сучаснае грамадства абысціся без кіно і тэатра?

- Калі падыходзіць па-філасофску, грамадства, напэўна, можа абысціся без чаго хочаце. Але пытанне ў тым, наколькі глыбокім і згуртаваным будзе такое грамадства. Мастацтва ж аб'ядноўвае і адухаўляе значна мацней, чым усе лозунгі.

Як паказвае практыка, многіх таленавітых артыстаў, драматургаў, рэжысёраў, кампазітараў альбо проста вымусілі з'ехаць, альбо пасадзілі, альбо паставілі перад выбарам, вобразна кажучы, паміж пяром і вяроўкай.

Ну і як працяг усяго гэтага ўсе незалежныя творчыя арганізацыі або аб'яднанні цяпер актыўна атрымліваюць таўро «экстрэмістаў», як і сацсеткі нашага аб'яднання «By_teatr».

- Руслан Чарнецкі, міністр культуры Беларусі, заявіў, што для развіцця кіно ў краіне «трэба падавысіць мастацкі ўзровень фільмаў» і «выйсці на міжнародны пракат». Для гэтага, з ягоных слоў, «патрэбная адміністрацыйная падтрымка». Ён таксама паабяцаў «вярнуць кадры, якія з'ехалі». Што б вы яму адказалі? Чаго напраўду не стае беларускаму мастацтву?

- Не стае свабоды і талентаў. Як можна адміністратыўным рэсурсам падвысіць талент людзей, якія ствараюць духоўныя каштоўнасці? Нельга росчыркам пяра прымусіць артыста граць лепш, а драматурга пісаць мацней. Гэта мастацтва, а не пасяўная кампанія або «Дажынкі».

Я не разумею, як у галаве можа нарадзіцца ідэя падвышэння ўзроўню мастацтва з дапамогай адміністрацыйных мер. Адзіны спосаб падняць якасць беларускіх фільмаў і спектакляў — даць людзям свабоду самавыяўлення і творчасці. Каб яны маглі гаварыць, выказваць сваё меркаванне, свае каштоўнасці. Толькі тады ўзровень мастацтва сапраўды можа вырасці.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках