Знойдзены клеткі мозгу, якія адказваюць за цвярозасць
5- 11.06.2025, 14:02
- 4,138

Іх усяго 500.
Навукоўцы з медыцынскай школы Масачусэцкага ўніверсітэта імя Т.Х.Чана выявілі, што за кантроль цягі да алкаголю ў мышэй адказваюць блізу 500 нейронаў сярод мільярдаў клетак мозгу. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным у часопісе Nature Neuroscience (NatNeuro).
Алкагольная залежнасць застаецца адной з вядучых прычын смяротнасці ва ўсім свеце. Нягледзячы на гэта, дагэтуль не ўдавалася дакладна вызначыць, якія менавіта адцінкі мозгу кантралююць паводзіны, звязаныя з празмерным ужываннем алкаголю.
Група навукоўцаў правяла серыю экспэрыментаў на мышах, ужываючы перадавыя метады - оптагенэтыку, оптаметрыю, электрафізіялогію і аднаклетачную транскрыптоміку. Гэта дазволіла не толькі дакладна лакалізаваць нейроны, якія ўдзельнічаюць у развіцці алкагольнай залежнасці, але і кіраваць іх актыўнасцю з дапамогай святла.
Вынікі паказалі: пры «выключэнні» пэўнай групы з 500 нейронаў мышы рэзка пачыналі піць больш алкаголю. Пры актывацыі - цяга, наадварот, рэзка зніжалася.
«Цяжка паверыць, што такая маленькая група клетак можа так моцна ўплываць на паводзіны», - адзначыў доктар Марцін, даследчык Інстытута нейрапсіхіятрычных даследаванняў Брудніка.
Высветлілася, што гэтыя нейроны GABA-эргічныя ансамблі, якія актывуюцца выключна пры ўжыванні алкаголю. Навукоўцы таксама прасачылі сігнальны шлях ад медыяльнай арбітафрантальнай кары да медыядарсальнага таламуса — менавіта гэты ланцуг кіруе жаданнем спажываць спіртное.
Са слоў навукоўцаў, адкрыццё можа кардынальна змяніць падыход да лячэння алкагольнай залежнасці. Калі аналагічныя групы нейронаў атрымаецца выявіць у чалавека, будучая тэрапія зможа быць не сістэмнай, а кропкавай — з уздзеяннем толькі на крытычна важныя нейроны, без уплыву на ўвесь мозг.
Навукоўцы падкрэсліваюць: пакуль даследаванні праводзіліся толькі на мышах. Аднак структура мозгу чалавека падобная да той як у мышэй, таму аналагічны механізм можа працаваць і ў людзей.