У Эстоніі супрацоўніцу «России сегодня» асудзілі на шэсць гадоў за дзяржаўную здраду
9- 11.06.2025, 14:52
- 6,646

Святлана Бурцава актыўна працавала на расейскую прапаганду.
Хар'юскі павятовы суд у сераду, 11 чэрвеня, прысудзіў жыхарку Таліна Святлану Бурцаву да шасці гадоў пазбаўлення волі за дзяржаўную здраду і парушэнне міжнародных санкцый, піша ERR.
Суд устанавіў, што Святлана Бурцава цягам некалькіх гадоў супрацоўнічала з расейскім дзяржаўным агенцтвам РІА «Россия сегодня».
У рамках гэтага супрацоўніцтва Бурцава пісала артыкулы і падавала фота матэрыялы для выданняў Baltnews і РІА, тым самым, як падкрэслівала абвінавачванне, забяспечвала суб'екту санкцый доступ да эканамічных рэсурсаў, што забаронена рэгламентам Рады ЕЗ ад 17 сакавіка 2014 года.
Таксама, паводле версіі следства, Бурцава падтрымлівала кантакты з Раманам Рамачавым - афіцэрам запасу ФСБ і кіраўніком прыватнай выведвальнай кампаніі R-Techno, якая, са сцверджання пракуратуры, займаецца інфармацыйна-псіхалагічнымі аперацыямі ў інтарэсах РФ. У рамках гэтага супрацоўніцтва была напісаная і выдадзеная кніга «Гібрыдная вайна за мір», якую суд прызнаў прапагандысцкай і накіраванай на падрыў даверу да ўлады Эстоніі і дэстабілізацыю грамадства.
Пры вынясенні прысуду суд палічыў, што парушэнне санкцый доўжылася некалькі гадоў і чынілася наўмысна. Хоць колькасць апублікаваных матэрыялаў была даволі невялікай, сам факт супрацоўніцтва са СМІ, звязанымі з Кісялёвым, быў расцэнены як значны. Улічваючы сярэднюю ступень віны і адсутнасць абцяжарвальных або змякчальных абставін, суд прызнаў пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі паводле гэтага артыкула справядлівым.
Дзяржаўную здраду Бурцава, на думку суда, таксама здзейсніла наўмысна, аднак уплыў яе дзеянняў быў абмежаваным. Улічваючы, што гэта першае прыцягненне яе да крымінальнай адказнасці і што дзеянне абмяжоўваецца адной кнігай, суд палічыў справядлівым запытанае пракуратурай пакаранне — шэсць гадоў пазбаўлення волі.
Прысуд пакуль не ўвайшоў у законнае дзеянне. Святлана Бурцава мае права падаць апеляцыю на працягу 30 дзён у Талінскі акруговы суд.
Раней Бурцава працавала журналісткай інтэрнэт-выдання Sputnik Eesti, якое спыніла сваю дзейнасць у Эстоніі ў 2019 годзе праз санкцыі. З 2023 года яна з'яўляецца сябрам партыі Koos, адзін з лідараў якой — Айва Петэрсан — знаходзіцца пад судом паводле абвінавачвання ў дзяржаўнай здрадзе.