Нарвэгія плануе перадаць Украіне ўдвая больш знішчальнікаў F-16, чым анансавала
6- 11.06.2025, 20:06
- 9,506

Падрабязнасці.
Нарвэгія перадае Украіне ўдвая больш знішчальнікаў F-16 ад запланаванай колькасці. Пра гэта паведамляе выданне «Милитарный» са спасылкай на штогадовую справаздачу Нарвэгіі аб імпарце і экспарце звычайных узбраенняў.
Як сказана ў дакуменце, краіна запланавала перадаць Украіне 14 знішчальнікаў F-16, тады як афіцыйна было абвешчана аб пастаўках шасці.
У справаздачы не ўдакладняецца стан васьмі раней неанансаваных самалётаў. Выданне выказала здагадку, што магчыма «лішнія» самалёты непрыдатныя да палётаў, але могуць выкарыстоўвацца для разбору на запчасткі або выкарыстання ў якасці макетаў-прынад.
«Милитарный» дадае, што магчымая такая версія, што частка з неанансаваных F-16 была адрамантаваная і прыведзеная ў стан, прыдатны для далейшай эксплуатацыі.
15 траўня міністр абароны Нарвэгіі Турэ Сандвік заяўляў, што працэс перадачы знішчальнікаў F-16 Украіне будзе закончаны цягам 2025 года.
Са слоў Сандвіка, частка самалётаў ужо перададзеная, а астатнія будуць перададзеныя цягам 2025 года. Тады ён не ўдакладніў колькасць знішчальнікаў, спаслаўшыся на меркаванні аператыўнай бяспекі і дамоўленасці з украінскай стараной.
Паводле падлікаў TWZ, еўрапейскія хаўруснікі паабяцалі Украіне блізу 85 самалётаў F-16. Частку гэтых самалётаў не адпраўляюць ва Украіну, а выкарыстоўваюць для навучання пілотаў, пераважна ў навучальным цэнтры ў Румыніі, а ЗША не перадавалі спраўныя F-16, толькі запчасткі для падтрымання парку знішчальнікаў.