У Беларусі хочуць увесці спецыяльную маркіроўку для імпартнага адзення
6- 12.06.2025, 14:12
- 3,144

Для пакупнікоў яно можа стаць даражэйшым.
У Беларусі маюць намер увесці змены для ўвозу ў краіну тавараў лёгкай прамысловасці. Яны могуць патрапіць пад абавязковую спецыяльную маркіроўку. Пра гэта 12 чэрвеня на брыфінгу заявіў намеснік міністра падаткаў і збораў Уладзімір Муквіч, піша «Зеркало».
Маркіроўку для некаторых тавараў лёгкай прамысловасці могуць увесці з 1 красавіка 2026 года. "Ведаеце, як на наш рынак трапляюць тавары, якія не праходзяць нормы тэхнічнага кантролю?"- спытаўся Уладзімір Муквіч. Паводле ягоных слоў, такія тавары паступаюць у тым ліку без выплаты мытных плацяжоў.
У Міністэрстве падаткаў і збораў мяркуюць, што гэта «вострая» тэма для прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. «Галоўнае - стварыць роўныя ўмовы канкурэнцыі на рынку», — удакладніў Уладзімір Муквіч. На ягоную думку, у гэтым пытанні важны баланс інтарэсаў дзяржавы і бізнэсу.
Уладзімір Муквіч удакладніў, што «з пункту гледжання падатковых органаў сфера (легпрам – заўв. рэд.) не з'яўляецца падаткаўтваральнай для эканомікі краіны», але важна абараніць айчынных вытворцаў.
Прадстаўнік МПЗ прапанаваў параўнаць «нашу беларускую прадукцыю і тавары незразумелага паходжання». «Яны, можа, і нядрэнныя (тавары, якія ўвозяцца. — заўв.», - удакладніў Уладзімір Муквіч і дадаў, што ў кошт беларускай прадукцыі ўключаны ў тым ліку выплачаныя падаткі, унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, таму важна падтрымаць айчынныя кампаніі.
Што магчымае новаўвядзенне азначае для бізнэсу і пакупнікоў
Лічбавая маркіроўка дазволіць прасочваць ўвесь шлях такога тавару - ад вытворцы да спажыўца. Мяркуецца, што такі механізм дае пэўныя перавагі бізнэсу. Па-першае, гэта паскарае і спрашчае дакументаабарачэнне, працэсы ўзаемадзеяння бізнэсу і дзяржавы. Па-другое, гэта дазваляе падвысіць канкурэнтаздольнасць добрасумленных прадпрымальнікаў і знізіць рызыкі ўкладання ўгод з несумленнымі гульцамі як на замежным, так і на ўнутраным рынку.
Чыноўнікі мяркуюць, што для пакупнікоў гэта плюс — яны атрымаюць гарантыю набыцця легальнага тавару.
Адначасова з усім гэтым маркіроўка тавараў нясе дадатковыя выдаткі для бізнэсу (спецыяльная налепка патрабуе аплаты), што можа быць перанесена ў раздробны кошт. Гэта значыць для пакупнікоў тавар можа стаць даражэйшы.