Падаткавікі патлумачылі, чаму ў агенцтва нерухомасці прыходзілі «маскі-шоў»
5- 12.06.2025, 15:37
- 3,282

Нібыта кампаніі хавалі даход ад паслуг.
Працу агенцтваў нерухомасці ў Беларусі працягнуць правяраць. Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў намеснік міністра падаткаў і збораў Уладзімір Муквіч, паведамляе «Еўрарадыё».
Чыноўнік растлумачыў, што падаткавікі і сілавікі выкрылі «сур'ёзныя сістэматычныя дзеянні» з боку кампаній, якія выконваюць рыэлтарскія паслугі. Паводле яго, гэтыя кампаніі хавалі даход ад выкананых паслуг.
Аб масавых ператрусах у агенцтвах нерухомасці стала вядома ў пачатку красавіка. Звесткі аб «масках-шоў» і затрыманнях прыходзілі з розных рэгіёнаў Беларусі. Паводле неафіцыйных крыніц, сілавікі вывучылі гадавыя справаздачы фінансавых паказчыкаў і заробкаў у агенцтвах нерухомасці. Пасля гэтага яны прыйшлі ў тыя кампаніі, якія падазравалі ва ўхіленні ад падаткаў, атрыманні грошай «міма касы» і выплаце заробкаў у канвертах.
Як заявіў Уладзімір Муквіч, некаторыя фірмы «пайшлі на добраахвотнае развязанне» пытанняў. Мяркуючы з усяго, кампаніі аплацілі выстаўлены «цэннік», выплаціўшы налічаныя даплаты.
«У шэрагу кампаній будзе прынятая пастанова аб прызначэнні праверак», - дадаў намеснік міністра.