Кіраўнік Мінабароны Нямеччыны: Украіна ўступіць у NATO
11- 12.06.2025, 18:31
- 9,768

Рух Кіева ў Альянс незваротны.
Будучыня Украіны адназначна звязаная з NATO, заявіў міністр абароны Нямеччыны Барыс Пісторыюс, выступаючы на супольнай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Кіеве. Пісторыюс падкрэсліў, што пастановы датычна незваротнага руху Украіны да ўступлення ў Альянс, прынятыя раней на самітах NATO, застаюцца ў сіле. «Мы ўжо на самітах у Вашынгтоне і Брусэлі абмеркавалі, што будучыня Украіны знаходзіцца ў NATO. Я не думаю, што ёсць яшчэ нейкія працэсы, якія адбываюцца ў гэтым плане», – адзначыў міністр (цытата паводле УНІАН).
Што тычыцца выніковай дэкларацыі будучага саміту NATO, які пройдзе 24–25 чэрвеня ў Гаазе, Пісторыюс дадаў, што пакуль не можа каментаваць, якія менавіта фармулёўкі датычна Украіны будуць у ёй адлюстраваныя. Кіраўнік Мінабароны ФРГ таксама паведаміў, што Нямеччына плануе дадаткова вылучыць 1,9 мільярда еўраў на падтрымку Украіны ў 2025 годзе. Сродкі, сярод іншага, пойдуць на развіццё вытворчасці ўкраінскага дальнабойнага ўзбраення. Хоць канчатковая пастанова яшчэ не прынятая, Пісторыюс выказаў упэўненасць, што яна будзе зацверджаная.
Разам з тым, паводле словаў міністра, новы ўрад Нямеччыны, які ўзначальвае канцлер Фрыдрых Мерц, не разглядае магчымасць пастаўкі крылатых ракетаў вялікай далёкасці Taurus Украіне.
Уладзімір Зяленскі, у сваю чаргу, падчас прэс-канферэнцыі паведаміў, што Нямеччына распрацавала трохгадовы план паставак сістэмаў супрацьпаветранай абароны IRIS-T ва Украіну. «Гэта не значыць, што столькі гадоў будзе вайна, але ўсё роўна Украіну, нашую зямлю і спакой нашых людзей трэба абараняць якаснымі сістэмамі СПА. Я ўдзячны, што ў нас ёсць разуменне рэалізацыі гэтага праекту на найбліжэйшыя тры гады», – адзначыў украінскі прэзідэнт.