21 чэрвеня 2025, Субота, 21:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вядомы беларускі футбаліст наважыў скончыць кар'еру

6
Вядомы беларускі футбаліст наважыў скончыць кар'еру

На радзіме ён сабраў усе магчымыя трафеі, а потым і за мяжой не згубіўся.

Абаронца «Урала» з Екацярынбурга Ягор Філіпенка распавёў аб разважаннях наконт заканчэння прафесійнай кар'еры.

Ягоныя словы прыводзіць BetNews.

Са слоў экс-гульца нацыянальнай каманды, вяртанне ў чэмпіянат Беларусі ён уважае за малаімавернае. Так, 37-гадовы Ягор спасылаецца на адсутнасць цікавасці і нездавальняючыя ўмовы:

«Аб'ектыўна кажучы, зараз мне было б вельмі цяжка знайсці матывацыю, каб вярнуцца гуляць у чэмпіянаце Беларусі. Узровень інфраструктуры, стадыёны - усё гэта моцна стрымлівае. Шчыра кажучы, цяжка».

Філіпенка таксама адзначыў, што нават удзел у еўракубках не стаў бы для яго сур'ёзным стымулам прадаўжаць кар'еру:

«Ну, дапусцім, еўракубкі - гэта максімум восем матчаў. А што з іншымі рабіць? Я ж не скажу: давайце я буду гуляць толькі ў еўракубках, а астатняе - не магу. Гэта было б абсурдна, і ніхто на такое не пойдзе».

Футбаліст паведаміў, што падоўжыў кантракт з «Уралам» яшчэ на адзін год і разглядае будучы сезон як апошні.

Футбольную адукацыю Ягор атрымаў у менскай школе «Змена», а затым - у акадэміі БАТЭ. За асноўны склад барысаўскага клуба ён дэбютаваў у 2006 годзе, і ўжо неўзабаве спартоўца заўважылі ў Расеі.

Філіпенка падпісаў кантракт з маскоўскім «Спартаком» у 2008 годзе.

У складзе «чырвона-белых» ён правёў 16 матчаў, аднак замацавацца ў аснове не здолеў.

У гэты перыяд ён таксама выступаў на правах арэнды за «Томь» (2 матчы) і «Сібір» (18 матчаў).

Пасля правалу ў Расеі Ягор вярнуўся ў БАТЭ: спачатку на правах арэнды, а потым на паўнавартаснай аснове.

У гэтым клубе ён правёў найбольш паспяховы этап: больш за 200 матчаў, 7 тытулаў чэмпіёна Беларусі, Кубак і Суперкубак краіны.

Ён таксама гуляў у Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы.

Далей абаронца падпісаў кантракт з гішпанскай «Малагай» у 2015 годзе.

У Ла Лізе ён правёў 8 матчаў, пасля чаго адправіўся ў Ізраіль, дзе гуляў за «Макабі» з Тэль-Авіва (18 матчаў) і «Ашдод» (14 матчаў у арэндзе).

Пасля замежных выступаў Філіпенка зноў апынуўся ў чэмпіянаце Беларусі. На гэты раз - у складзе «Шахцёра».

Са згаданым клубам ён стаў чэмпіёнам краіны і зноў адправіўся ў Расею.

Там Філіпенка падпісаў кантракт з «Уралам», да якога далучыўся ўвосень 2022 года.

У 2025-м ён падоўжыў кантракт яшчэ на адзін сезон і заявіў, што гэты год, хутчэй за ўсё, стане апошнім у яго кар'еры.

За нацыянальную каманду Беларусі Філіпенка згуляў 52 матчы і аднойчы забіў 1 мяч.

Асабліва памятным стаў гол абаронцы за моладзевую нацыянальную каманду ў браму Чэхіі ў 2011 годзе, які дапамог беларусам кваліфікавацца на Алімпіяду-2012.

Дасягненні:

васьміразовы чэмпіён Беларусі з БАТЭ і «Шахцёрам»

уладальнік Кубка і Суперкубка Беларусі

удзельнік Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы

правёў 52 матчы за нацыянальную каманду Беларусі

больш за 500 прафесійных гульняў у кар'еры.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках