У Беларусі скарацілі дзясяткі тысяч прававых актаў
11- 12.06.2025, 19:08
- 11,780

Падрабязнасці.
Пасля рэвізіі заканадаўства колькасць нарматыўных прававых актаў у Беларусі зменшылася на 22 тысячы. Гэтае пытанне, а таксама праца са зваротамі грамадзян у ліку іншых абмяркоўвалася сёння на нарадзе Лукашэнкі з кіраўніцтвам адміністрацыі дыктатара.
Са слоў Аляксандра Лукашэнкі, па-ранейшаму актуальнымі застаюцца пытанні надмернасці заканадаўчых норм і іх дубляванне. Ён прапанаваў перагледзець усё, што было прынятае за апошнія 10, 20, а магчыма і 30 гадоў, і выключыць непатрэбнае, пакінуўшы толькі сапраўды важнае.
Маштабная рэвізія пачалася некаторы час таму, ужо апрацавана амаль 30% усіх матэрыялаў, піша БелТА. Са слоў намесніцы кіраўніка адміністрацыі ўзурпатара Вольгі Чупрыс, колькасць нарматыўных прававых актаў зменшылася на 22 тысячы.
Новая аўтаматызаваная сістэма падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў (АІС «Нарматворчасць») пачне працаваць у Беларусі з 1 ліпеня.
Там ёсць элементы штучнага інтэлекту. Праграма будзе дапамагаць фармаваць тэкст нарматыўна-прававога акта. Гэта, вядома, толькі зародкі, але мы ўжо бачым і далейшыя шляхі», - адзначыла Вольга Чупрыс.
Ёсць пэўныя паляпшэнні і ў рабоце са зваротамі грамадзян. Са студзеня 2023 года працуе адзіная рэспубліканская аўтаматызаваная сістэма ўліку і апрацоўкі зваротаў. За гэты час беларусы напісалі 450 тысяч зваротаў - прыкладна па 200 тысяч на год.
«Сёння мы яе дапрацоўваем. Асабліва механізм справаздачных звестак і аналізу гэтых зваротаў. На прыклад Кітая, можа быць, найбліжэйшым часам будзем укараняць алгарытмы і элементы штучнага інтэлекту», - адзначыў кіраўнік адміністрацыі кіраўніка Дзмітрый Круты.
Значная частка зваротаў па-ранейшаму паступае ў адміністрацыю дыктатара. Больш за ўсё праблемных пытанняў тычыцца сферы ЖКГ - 20% скаргаў, на другім і трэцім месцы - медыцына і зямельныя спрэчкі (па 5%). Пры гэтым агулам адзначаецца зніжэнне колькасці скарг.