«Сябар, я кофту памыў»
7- 12.06.2025, 20:38
- 5,778

Мянчук спачатку выкраў чужыя рэчы, а потым вярнуў, прыклаўшы клапатлівую запіску.
Жыхар сталіцы спачатку выкраў чужыя рэчы, а потым спалохаўся адказнасці і вярнуў іх на месца.
Да міліцыянтаў звярнуўся супрацоўнік сталічнага прадпрыемства, які пакінуў рэчы ў службовым гардэробе, а пасля заканчэння змены не знайшоў сваё зараднае прыстасаванне, навушнікі і джэмпер.
Аднак праз некаторы час у сваёй шафе на ранейшым месцы мянчук убачыў не толькі скрадзеныя рэчы, але і запіску ад рукі. У ёй гаварылася, што паўэрбанк невядомы ўзяў, бо ў яго сеў тэлефон, а швэдар – таму што стала холадна. Да таго ж прыладу ён зарадзіў, а кофту памыў.

Дэтэктывы высветлілі, што рэчы скраў, а потым вярнуў 19-гадовы навучэнец, які праходзіў практыку на заводзе. Ён прызнаўся: калі даведаўся, што да справы падключылі міліцыю, спалохаўся і пастанавіў вярнуць выкрадзенае.
Аднак, як расказалі ў міліцыі Менска, гэта не ўратуе падазраванага. У дачыненні да хлопца распачалі крымінальную справу за крадзеж.